Белорусский портал в Казахстане

БСЖ лічыць нелагічным уключэнне журналістаў у спіс неўязных у ЕС



Беларускі саюз журналістаў лічыць нелагічным уключэнне журналістаў у спіс неўязных у ЕС. Аб гэтым заявіў старшыня БСЖ, галоўны рэдактар газеты "Рэспубліка" Анатоль Лемяшонак.

Старшыня БСЖ адзначыў, што не бачыць логікі, якой кіраваўся Еўрапейскі саюз пры складанні такога спіса. Многія з тых, хто ў ім апынуўся, са здзіўленнем даведаліся аб забароне на ўезд у ЕС. Напрыклад, не зразумела, чаму, калі хацелі пакараць галоўнага рэдактара газеты "Беларусь сегодня" Паўла Якубовіча, у спіс уключаны яго намеснікі, якія вядуць тэмы сельскай гаспадаркі, займаюцца работай з чытачамі і не маюць ніякага дачынення да асвятлення палітычных падзей.

"Зыходзячы з чаго агулам пакаралі лепшых беларускіх журналістаў? Іх караюць за ўласную думку, за тое, што яны гавораць праўду, што адстойваюць сваю пазіцыю і пазіцыю сваіх чытачоў? Дзе ж тады свабода слова?" — задаў рытарычнае пытанне Анатоль Лемяшонак, дадаўшы, што як старшыня БСЖ лічыць недапушчальным такі падыход.

Таксама, паводле яго слоў, паўстае пытанне, як у новых умовах саюзу журналістаў будаваць работу з замежнымі журналісцкімі асацыяцыямі і партнёрамі. Бо апошнім часам толькі-толькі намецілася нармалізацыя дыялога паміж структурамі грамадзянскай супольнасці рэспублікі і заходніх краін.

"Калі яшчэ некалькі гадоў таму еўрапейскія структуры лічылі за лепшае мець справу ў асноўным з Беларускай асацыяцыяй журналістаў, чыя пазіцыя часта была залішне прадузятай адносна працэсаў, што адбываюцца ў Беларусі, то цяпер усё больш і больш журналісцкіх супольнасцяў кантактуе з Беларускім саюзам журналістаў. Яны пераканаліся, што менавіта БСЖ аб`яднаў у сваіх радах большую частку беларускай журналісцкай супольнасці і мае рэальны ўплыў у свеце мас-медыя", — сказаў Анатоль Лемяшонак.

Пры гэтым ён лічыць непрадукцыйным адмовіцца ад кантактаў з заходнімі калегамі. "Мы гатовы сустракацца і весці далейшы дыялог. Іншая справа, што пры гэтым пастаянна будзе ўзнікаць няёмкасць, перш за ўсё з боку гасцей, за паводзіны сваіх урадаў. Яшчэ раз падкрэсліваю, спіс неўязных — нелагічны і несур`ёзны крок, які не адпавядае ўзроўню дарослых людзей, якія займаюцца палітыкай", — адзначыў старшыня БСЖ.

Звязда
3 лютага 2011


Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/8-/131/4202
Текущая дата: 25.11.2024