Белорусский портал в Казахстане

Нікога з Лукашэнкаў у Эўропу ня пусьцяць.



У сьпісе асобаў, якія трапляюць пад візавыя санкцыі Эўразьвязу, ажно тры Лукашэнкі: Аляксандар, Віктар і Дзьмітры. І яшчэ 117 асобаў, вінаватых у масавых рэпрэсіях супраць апазыцыі. Разам з тымі беларускімі чыноўнікамі, супраць каго санкцыі дзейнічалі з 2006 году, агульны сьпіс нежаданых у Эўразьвязе асобаў зь Беларусі складзе 158 прозьвішчаў.

Як піша брусэльскае выданьне Euobserver, у сьпіс асобаў, якім 31 студзеня Эўразьвязам будзе забароненая выдача віз, увойдзе памочнік прэзыдэнта Беларусі па нацыянальнай бясьпецы, сябра Савету бясьпекі і адначасова сын дзейнага кіраўніка дзяржавы Віктар Лукашэнка.

Другі сын Лукашэнкі Дзьмітры, які не зьяўляецца палітычнай фігурай, а працуе кіраўніком Прэзыдэнцкага спартыўнага клюбу, таксама патрапіў у сьпіс непажаданых у Эўразьвязе асобаў.

Сярод 117 новых прозьвішчаў у сьпісе таксама Юры Жадобін (міністар абароны); Леанід Мальцаў (сакратар Савету бяспекі); Вадзім Зайцаў (старшыня КДБ), Уладзімер Макей (кіраўнік адміністрацыі Лукашэнкі); Рыгор Васілевіч (гэнэральны пракурор) і Ўладзімер Андрэйчанка (кіраўнік ніжняй палаты парлямэнту).

Новы сьпіс таксама ўключае ў сябе 24 кіраўнікі рэгіянальных і цэнтральных выбарчых камісіяў, 30 юрыстаў і 10 журналістаў, афіцыйных “прапагандыстаў Лукашэнкі”.

Адновяцца ранейшыя візавыя санкцыі і супраць 41 чыноўніка, у тым ліку самога Аляксандра Лукашэнкі, якія дзейнічалі з 2006 году і былі замарожаныя ў 2008 годзе.

Міністар замежных спраў Беларусі Сяргей Мартынаў і першы віцэ-прэм`ер Уладзімер Сямашка ня ўключаныя ў сьпіс. Мартынаў у сьпіс не ўваходзіць, бо  Эўразьвяз хоча захаваць хаця б адзін канал сувязі паміж Беларусьсю і аб`яднанай Эўропай. Сямашку ж некаторыя ў Эўразьвязе ўспрымаюць як патэнцыйнага пераемніка Лукашэнкі, піша інтэрнэт-выданьне са спасылкай на дыпляматычныя крыніцы ў Брусэлі.

Канчатковае рашэньне павінна быць прынята ў панядзелак, 31 студзеня, у Брусэлі міністрамі замежных спраў краін Эўразьвязу, якія яшчэ могуць удакладніць гэты сьпіс.

Міністры ў панядзелак таксама вырашаць, які тып эканамічных санкцыяў увесьці супраць афіцыйнага Менску. Магчымая забарона гандлю нафтапрадуктамі канцэрну "Белнафтахім" і ўгнаеньнямі "Беларуськалію” на тэрыторыі Эўразьвязу. Разглядаецца таксама магчымасьць блякаваньня дапамогі Беларусі з боку МВФ, Эўрапейскага інвэстыцыйнага банку і Эўрапейскага банку рэканструкцыі і разьвіцьця.

Крыніца ў Эўразьвязе адзначыла, што Брусэль чакаў больш за месяц, перш чым прымаць санкцыі, даючы Менску шанец вызваліць палітычных зьняволеных. Але гэтага не адбылося.

Валер Каліноўскі
Радыё Свабода
28 студзеня 2011

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/8-/133/4094
Текущая дата: 25.11.2024