Белорусский портал в Казахстане

У Гродне адкрыюць Генеральнае консульства Расійскай Федэрацыі



Аб гэтым падчас сустрэчы са старшынёй Гродзенскага аблвыканкама Уладзімірам Каранікам паведаміў Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Расійскай Федэрацыі ў Беларусі Барыс Грызлоў.

"Сустрэча са старшынёй Гродзенскага аблвыканкама асабліва важная, каб абмеркаваць палітычныя пытанні. Прынята рашэнне аб адкрыцці Генеральнага консульства Расійскай Федэрацыі ў Гродне. Сёння мы паглядзім варыянты размяшчэння, варыянты будынкаў. Гэты працэс ідзе ў адпаведнасці з рэгламентам. Але палітычнае рашэнне прынята і абмеркавана на ўзроўні Расійскай Федэрацыі і Рэспублікі Беларусь", - сказаў Барыс Грызлоў.

Ён таксама адзначыў, што Гродзенская вобласць вельмі важная ў беларуска-расійскіх адносінах, паколькі на яе прыпадае больш за 50 працэнтаў агульнага тавараабароту. Асноўнае - прадукты харчавання, якія ў агульным аб`ёме экспарту і імпарту займаюць больш за 40 працэнтаў. Пасол падкрэсліў, што важная задача - паглядзець, як выкарыстоўваецца расійская сыравіна на вытворчасцях Гродзенскай вобласці.

Падчас візіту ў рэгіён Барыс Грызлоў наведаў ААТ "Гродна Азот". "Прадпрыемства вырабляе найважнейшую прадукцыю, асабліва сёння, таму што гэта прадукцыя забяспечвае харчовую бяспеку. На прадпрыемстве вырабляюцца ўгнаенні, якія неабходна ўносіць для атрымання высокіх ураджаяў", - дадаў пасол.

31 мая 2022, Гродна
БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/8-/15/65201
Текущая дата: 29.12.2024