Белорусский портал в Казахстане

МЗС Беларусі аб новых санкцыях: па сутнасці гэта мяжуе з аб`яўленнем эканамічнай вайны



У Міністэрстве замежных спраў Беларусі пракаментавалі ўвядзенне ЕС, ЗША, Вялікабрытаніяй і Канадай новых санкцый адносна Беларусі. Адпаведная заява апублікавана на сайце знешнепалітычнага ведамства.

«На жаль, нашы заходнія партнёры па-ранейшаму аддаюць перавагу толькі варожым дзеянням — санкцыям і націску на суверэнную дзяржаву, а не любому дыялогу і супрацоўніцтву. На гэтым фоне адкрытым здзекам, насмешкай над логікай і разважлівасцю выглядае заява кіраўніцтва Еўрасаюза: „Сёння ЕС паслаў новы моцны сігнал падтрымкі народу Беларусі, увёўшы новыя абмежавальныя меры“. Упэўнены, што працоўныя калектывы падпаўшых пад санкцыі прадпрыемстваў, гэтак жа як іх сваякі, сем’і і іншыя беларусы, правільна і па заслугах ацэняць такую шчодрую „падтрымку“ ЕС», — падкрэслілі ў міністэрстве.

У МЗС заўважылі, што цяпер яшчэ больш відавочны адказ на традыцыйнае пытанне: «Што ЕС зрабіў для Беларусі?».

«Мы неаднаразова заяўлялі, што санкцыі негатыўна ўплываюць на інтарэсы грамадзян, яны контрпрадуктыўныя і заганныя. Ні пра які іх кропкавы або разумны характар апрыёры не можа быць і размовы. Бачым, што і ў ЕС гэта ўсведамляюць. Пры гэтым прадаўжаюць мэтанакіраваныя дэструктыўныя дзеянні супраць насельніцтва, каб нібыта „высушыць рэжым фінансава“. Па сутнасці гэта мяжуе з аб’яўленнем эканамічнай вайны», — звярнулі ўвагу ў ведамстве.

У міністэрстве назвалі кашчунствам тое, што чарговая санкцыйная агрэсія развязана групай заходніх краін менавіта ў дзень памяці і смутку, калі 80 гадоў таму «аб’яднаная Еўропа» на чале з гітлераўскай Германіяй напала на Савецкі Саюз.

«У XXI стагоддзі беларускі народ зноў стаў палігонам для незадаволеных амбіцый да супрэматыі еўрапейскіх палітыкаў. Па-іншаму такія безразважныя ўчынкі складана растлумачыць. Беларуская дзяржава можа і зробіць усё магчымае для абароны сваіх грамадзян і суб’ектаў гаспадарання», — падкрэслілі ў знешнепалітычным ведамстве.

Санкцыі і рэстрыкцыі не будуць мець жаданага іх заказчыкамі эфекту, упэўнены ў Беларусі. «Меры ў адказ, якія ЕС прымушае нас прыняць, гэтак жа негатыўна могуць адбіцца на сферах нашага ўзаемадзеяння і ў рэшце рэшт на інтарэсах грамадзян і кампаній краін Захаду, якія прынялі недружалюбныя крокі ў адносінах да нашай дзяржавы. У выніку Еўрасаюз наўмысна раскручвае санкцыйную спіраль, выбірацца з якой усім бакам усё цяжэй і цяжэй», — адзначылі ў міністэрстве.

У МЗС звярнулі ўвагу, што такі падыход не пакідае ні часу, ні прасторы для пошуку «вокнаў магчымасцей» па выхаду з сітуацыі, што склалася ў адносінах Беларусі з ЕС, ЗША, Вялікабрытаніяй і Канадай. Беларускі бок заклікаў усе краіны і еўраструктуры, якія бягуць навыперадкі па «сцежцы санкцыйнай вайны», прыслухацца да голасу розуму і падумаць аб будучыні.

Звязда, 22 чэрвеня 2021

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/8-/21/59835
Текущая дата: 20.11.2024