Белорусский портал в Казахстане

"Нашы суседзі запусцілі санкцыйную спіраль" - МЗС пракаментавала санкцыі з боку краін Балтыі



У Міністэрстве замежных спраў Беларусі пракаментавалі візавыя санкцыі, уведзеныя ў адносінах да шэрага беларускіх асоб дзяржавамі Балтыі. Адпаведная заява прэс-сакратара МЗС Анатоля Глаза размешчана на сайце ведамства.

"Мы ўважліва азнаёміліся з заявамі літоўскага, латвійскага і эстонскага бакоў. Як бы там ні было, гэта нашы суседнія краіны, таму іх меркаванне мае для нас значэнне. Хоць у святле апошніх паспешлівых крокаў, на жаль, усё менш і менш. І гэта сумна канстатаваць. Незразумела, якім чынам гэты крок Літвы, Латвіі і Эстоніі прызначаны падтрымаць суверэнітэт і незалежнасць Беларусі, аб якой так шмат з іх боку гаварылася і гаворыцца", - адзначыў Анатоль Глаз.

Паводле яго слоў, вось такое "настойлівае жаданне наступаць на адны і тыя ж граблі і бяздумна хадзіць па замкнутым крузе выклікае шчырае расчараванне". "Як вядома, "самае вялікае глупства - гэта рабіць тое ж самае і спадзявацца на іншы вынік". Гісторыя нашай незалежнай дзяржавы красамоўна пацвярджае, што якія-небудзь спробы санкцыйнага ўздзеяння на Беларусь прыводзяць іх ініцыятараў толькі да адваротнага эфекту. Абсалютна перакананы, што сённяшняе рашэнне Літвы, Латвіі і Эстоніі таксама не стане выключэннем. Больш таго, нашы балтыйскія суседзі яшчэ і запусцілі санкцыйную спіраль. Мы заяўлялі раней, што Беларусь вымушана будзе прыняць адэкватныя меры ў адказ у адносінах да ініцыятараў такіх крокаў. І гэта будзе зроблена. Мы будзем цярпліва чакаць моманту, калі разважлівасць у галовах нашых партнёраў пераможа. Упэўнены, што гэты момант настане хутчэй, чым некаторым можа падацца", - падкрэсліў прадстаўнік МЗС Беларусі.

1 верасня 2020, Мінск
БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/8-/27/55852
Текущая дата: 26.12.2024