Начальнік упраўлення інфармацыі і лічбавай дыпламатыі — прэс-сакратар МЗС Анатоль Глаз адказаў на пытанне аб тым, як афіцыйны Мінск ацэньвае інфармацыю аб магчымым удзеле былога кандыдата ў прэзідэнты Беларусі Святланы Ціханоўскай у мерапрыемствах, звязаных з правядзеннем пасяджэння Савета Міністраў замежных спраў ЕС у Брусэлі.
«Гэта, вядома, магло б быць смешна і кур’ёзна, калі б не было так сумна. Па сутнасці цалкам відавочна, што такія дзеянні, калі яны будуць, з’яўляюцца нахабным і непрыкрытым умяшаннем ва ўнутраныя справы нашай краіны і поўнай непавагай да яе грамадзян, — заявіў Анатоль Глаз. — Навошта наогул праводзіць выбары, калі можна проста прызначыць звонку нейкага зручнага ва ўсіх адносінах суб’екта і рабіць выгляд, што выбудоўваеш з ім адносіны? Пасля такіх крокаў ўжо, па-мойму, нікому не трэба будзе даказваць, што рэалізуецца курс на падрыў суверэнітэту Беларусі».
«Вядома, наша прынцыповая і зразумелая пазіцыя па дадзенай тэме ўжо даведзена да прадстаўніка ЕС у Мінску, а таксама да адпаведных асоб у Брусэлі», — дадаў прэс-сакратар беларускага знешнепалітычнага ведамства.
Звязда, 19 верасня 2020
Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/8-/27/56085
Текущая дата: 26.12.2024