Белорусский портал в Казахстане

Беларусь зацікаўлена ў хутчэйшым вырашэнні візавага пытання і пашырэнні ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва з Еўрапейскім саюзам



Аб гэтым заявіў прэм`ер-міністр Беларусі Сяргей Румас на сустрэчы з кіраўніком прадстаўніцтва ЕС у Беларусі Дзіркам Шубелем.

Сяргей Румас выказаў задавальненне тым, як развіваецца дыялог з ЕС. За апошнія гады створаны добры зачын, але яшчэ трэба шмат зрабіць, каб адносіны выйшлі на новы ўзровень, які адпавядае іх патэнцыялу.

"Мы не імкнёмся да членства ў ЕС, але зацікаўлены ў выбудоўванні супрацоўніцтва па шэрагу напрамкаў. Нам неабходна ўстараніць бар`еры, якія засталіся, і пераходзіць да развіцця гандлёва-эканамічнага, інвестыцыйнага ўзаемадзеяння, пашыраць галіновае супрацоўніцтва, кантакты паміж прадстаўнікамі бізнесу", - сказаў прэм`ер-міністр.

Ён звярнуў увагу на неабходнасць удасканалення існуючай дагаворна-прававой базы. У прыватнасці, паміж бакамі няма базавага пагаднення аб узаемадзеянні. Што датычыцца пагаднення аб спрашчэнні візавага рэжыму, то Сяргей Румас нагадаў, што Беларусь завяршыла ўсе ўнутраныя працэдуры, якія папярэднічаюць падпісанню дакумента.

"Разлічваем, што ЕС таксама ў бліжэйшы час завершыць гэтыя працэдуры", - дадаў ён. Беларусь зацікаўлена і ў наладжванні канструктыўнага ўзаемадзеяння з членамі Еўрапейскай камісіі новага склікання, якая павінна быць сфармавана да 1 лістапада 2019 года. Прадстаўніцтва ЕС магло б гэтаму пасадзейнічаць.

"У канцы 2018 - пачатку 2019 года мы мелі вельмі добры тэмп па кантактах з еўракамісарамі і разлічваем, што новы склад Еўрапейскай камісіі таксама будзе ўдзяляць Беларусі вялікую ўвагу", - адзначыў Сяргей Румас.

У сваю чаргу Дзірк Шубель расказаў, што па папярэдняй рабоце знаёмы з Беларуссю, удзельнічаў у перагаворах па падрыхтоўцы пагаднення аб прыярытэтах партнёрства.

"Спадзяюся, што мы зможам вырашыць пытанні, якія яшчэ не зняты, і выйсці на падпісанне дакумента, каб рухацца наперад па новым пагадненні", - адзначыў ён.

9 кастрычніка 2019, Мінск
БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/8-/31/50186
Текущая дата: 20.11.2024