Белорусский портал в Казахстане

Кіраўнік МЗС будзе прадстаўляць Беларусь на мерапрыемствах у Бруселі да 10-годдзя "Усходняга партнёрства"



Аб гэтым паведаміў начальнік упраўлення інфармацыі і лічбавай дыпламатыі - прэс-сакратар МЗС Анатоль Глаз.

Міністр замежных спраў Уладзімір Макей будзе прадстаўляць Беларусь на мерапрыемствах "Усходняга партнёрства", якія адбудуцца ў Бруселі 13-14 мая.

"Перш за ўсё хацеў бы пацвердзіць, што беларускі бок атрымаў запрашэнні ў адрас Прэзідэнта Беларусі на маючыя адбыцца мерапрыемствы ў Бруселі ў сувязі з дзесяцігоддзем "Усходняга партнёрства", - адзначыў афіцыйны прадстаўнік МЗС. - Што датычыцца ўзроўню беларускай дэлегацыі, магу сказаць, што ўдзел Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь у іх не плануецца. Кіраўніком дзяржавы даручана міністру замежных спраў прадстаўляць Беларусь на гэтых мерапрыемствах".

"Як мы ўжо неаднаразова падкрэслівалі, Беларусь не проста зацікаўлена ў паўнапраўным удзеле ва "Усходнім партнёрстве", але і вельмі актыўна ўключана ў рэалізацыю гэтай ініцыятывы, - сказаў Анатоль Глаз. - Мы разглядаем яе як неканфрантацыйны і прагматычны інструмент для развіцця дыялогу і ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва з Еўрапейскім саюзам".

Прэс-сакратар МЗС таксама звярнуў увагу, што па лініі "Усходняга партнёрства" ёсць пэўныя напрацоўкі і дасягненні. Разам з тым патэнцыял ініцыятывы, асабліва што датычыцца развіцця двухбаковых беларуска-еўрапейскіх адносін, яшчэ далёкі ад рэалізацыі.

"Спадзяёмся, што ўжо ў бліжэйшым будучым, па меры ажыццяўлення асноўных мэт і задач "Усходняга партнёрства" як на шматбаковым, так і двухбаковым трэках, будуць сфарміраваны ўмовы, якія дадуць магчымасць правесці паўнацэнны візіт кіраўніка дзяржавы ў Брусель", - сказаў на заканчэнне Анатоль Глаз.

4 мая 2019, Мінск
Аліна Грышкевіч - БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/8-/34/47916
Текущая дата: 20.11.2024