Старшыня Нацыянальнага савета Славацкай Рэспублікі Андрэй Данка выказаў захапленне тым, як у Беларусі цэняць гісторыю. У гэтым ён прызнаўся журналістам пасля сустрэчы з Прэзідэнтам Беларусі Аляксандрам Лукашэнкам.
Паводле слоў Андрэя Данкі, адной з тэм размовы з кіраўніком дзяржавы была важнасць захавання гістарычнай спадчыны. У тым, як гэта адбываецца ў Беларусі, Андрэй Данка змог пераканацца ў час наведвання Музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны ў Мінску.
"Я ўражаны, як у вас гэта арганізавана, - падкрэсліў Андрэй Данка. - Вельмі рады, што вы паважаеце і цэніце памяць не толькі сваіх, але і славацкіх воінаў".
У сувязі з гэтым ён звярнуў увагу на культурную і гістарычную агульнасць народаў Беларусі і Славакіі.
"Мы сапраўды вельмі блізкія народы, у нас велізарны патэнцыял супрацоўніцтва. Мы можам многаму адзін у аднаго навучыцца", - сказаў парламентарый.
Ён дадаў, што хацеў бы і ў сваёй краіне прапанаваць абнавіць базу музея, дзе захоўваецца памяць аб падзеях Другой сусветнай вайны, накшталт таго, як гэта зроблена ў Беларусі, аднак няма ўпэўненасці, што такая ініцыятыва знойдзе падтрымку.
Старшыня парламента перадаў запрашэнне кіраўніцтву Беларусі прыняць удзел ва ўрачыстых мерапрыемствах з нагоды 75-годдзя славацкага паўстання супраць фашысцкага рэжыму.
У час сустрэчы з Прэзідэнтам абмяркоўваліся таксама розныя аспекты адукацыі моладзі. У прыватнасці, размова ішла аб дасягненні дамоўленасцей па ўзаемным прызнанні дыпломаў аб адукацыі. Важнымі тэмамі размовы, паводле слоў Андрэя Данкі, сталі рызыкі, звязаныя з развіццём лічбавых тэхналогій, і абарона дзяцей у лічбавай прасторы.
"Спадзяюся, наша супрацоўніцтва будзе ўмацоўвацца", - адзначыў ён.
4 чэрвеня 2019, Мінск
БЕЛТА
Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/8-/34/48241
Текущая дата: 20.11.2024