Белорусский портал в Казахстане

МЗС: Пасол Бабіч разбурае цесныя і дружалюбныя адносіны Беларусі з Расіяй



Пра гэта гаворыцца ў каментары прэс-сакратара МЗС Беларусі Анатоля Глаза ў дачыненні да выказванняў дыпламата 19 красавіка.

Пасол Расіі ў Беларусі Міхаіл Бабіч сваёй дзейнасцю разбурае "цесныя і дружалюбныя адносіны двух брацкіх народаў". 

"Магу толькі адаслаць да нашага папярэдняга каментара з нагоды яго эмацыйных заяў некаторы час таму ў сакавіку. Усё сказанае намі раней цалкам пацвярджаецца. Спадар Пасол абсалютна не бачыць ніякай розніцы паміж расійскай федэральнай акругай, дзе, як нам расказвалі, ён любіў раздаваць павучанні налева і направа, і незалежнай дзяржавай. Хоць у Пасланні Прэзідэнт Беларусі абсалютна дакладна і ясна выказаўся з нагоды незалежнасці нашай дзяржавы і скептычных, мякка кажучы, адносін да нашай шматвяковай гісторыі з боку асобных замежных палітыкаў", — адзначаецца ў заяве прэс-сакратара (арфаграфія захавана).

"Ведаеце, што мае значэнне ў гэтай сітуацыі? На працягу доўгага часу шэраг знешніх сіл беспаспяхова спрабавалі разбурыць цесныя і дружалюбныя адносіны двух брацкіх народаў. Дык вось: тое, што не ўдалося гэтым знешнім сілам на працягу некалькіх апошніх дзесяцігоддзяў, паспяхова і эфектыўна ўдаецца спадару Бабічу літаральна за некалькі месяцаў", — падкрэсліў Глаз.

Бабіч у інтэрв`ю РБК выказаў прэтэнзіі ў адрас дэпутата Палаты прадстаўнікоў Беларусі, актывісткі апазіцыі Ганны Канапацкай. Дыпламат лічыць, што Канапацкая, якая задала пасля штогадовага паслання Аляксандра Лукашэнкі народу і парламенту 19 красавіка пытанне аб зніжэнні кошту будаўніцтва Беларускай атамнай электрастанцыі, прыняла ўдзел у правакацыі.

Парламентарый пацікавілася ў Лукашэнкі, ці сапраўды Расія знізіла кошт будаўніцтва БелАЭС, спаслаўшыся на Бабіча, які, паводле яе слоў, заяўляў пра гэта ў СМІ. Пры гэтым дыпламата яна не цытавала і масмедыя не назвала.

"Я гэта ўпершыню чую. Пасол, напэўна, лічыць дрэнна ўмее. Гэта не Расія знізіла. Калі такое сказаў пасол, то ён шкодзіць сабе", — адрэагаваў Лукашэнка. Ён падкрэсліў, што кошт будаўніцтва АЭС з`яўляецца камерцыйнай таямніцай і ён з членамі ўрада і расійскім бокам дамаўляліся такія лічбы не называць, аднак, у выпадку калі гэта зрабіў пасол, трэба даць свае тлумачэнні.

Паводле слоў афіцыйнага лідара, дамова аб будаўніцтве АЭС заключалася зыходзячы з "існуючых цэн у свеце" на той момант. "Я Уладзіміру Уладзіміравічу [Пуціну] казаў: вось, мы на 10 мільярдаў дамаўляліся, а рэальная цана будзе, напэўна, меншай за 7 мільярдаў. Ён мне адказвае: вось ты падарунак мне зрабіў, толькі нікому не кажы пра гэта, мы ж кантракты заключаем з іншымі краінамі", — сказаў Лукашэнка.

"І чаму ў нас станцыя атрымаецца таннейшай? Па-першае, вельмі жорсткі кантроль, — растлумачыў ён. — У мяне за гэта адказваў віцэ-прэм`ер [Уладзімір] Сямашка, цяпер віцэ-прэм`ер [Ігар] Ляшэнка адказвае. Кожную запчастку, адкуль бы яна ні ішла, беларуская, расійская, тым больш заходняя... І ўсюды гэта грошы, таму мы паставілі на дзяржаўны кантроль. Звычайна мне дакладваюць па ўсіх здарэннях, таму што, вы ведаеце, у нас пасля Чарнобыля гэтая фобія".

"На жаль, гісторыя нашых партнёраў нічому не вучыць. Прыходзіцца канстатаваць, што беларускага прэзідэнта зноў падманулі. Справа ў тым, што ні я, ні якія іншыя службовыя асобы з расійскага боку ніколі не называлі канчатковы кошт БелАЭС", — заявіў Бабіч. Паводле яго слоў, разлічыць канчатковы кошт БелАЭС можна будзе толькі пасля завяршэння будаўніцтва абодвух блокаў станцыі, "а гэта, як вядома, адбудзецца не раней за канец 2020 года".

На думку расійскага пасла, пытанне Канапацкай магло быць "зрэжысаванае спецыяльна".

Бабіч таксама пракаментаваў РБК заяву кіраўніка беларускага МЗС Уладзіміра Макея, які напярэдадні, 18 красавіка, сказаў журналістам, што Беларусь даўно накіравала Расіі ў адказ прапановы па інтэграцыі, "але Дзмітрый Анатольевіч (Мядзведзеў.), магчыма, не ў курсе".

Расійскі пасол нагадаў, што Мядзведзеў з`яўляецца таксама членам Вышэйшага дзяржаўнага савета Саюзнай дзяржавы, старшынёй савета міністраў Саюзнай дзяржавы. "Усе рашэнні, якія прымаюцца ў Саюзнай дзяржаве, ім узгадняюцца, а большасць з іх рэалізуюцца пад яго непасрэдным кіраўніцтвам", — сказаў Бабіч.

"Лепш бы спадару Макею гэта ў сваёй працы ўлічваць", — падкрэсліў расійскі пасол.

Аляксей Аляксандраў, БелаПАН
Мінск, 19 красавіка 2019

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/8-/35/47668
Текущая дата: 20.11.2024