Белорусский портал в Казахстане

У сучасных умовах турбулентнасці любой дзяржаве немагчыма выжыць паасобку, самастойна



Такі пункт гледжання выказаў кіраўнік знешнепалітычнага ведамства Беларусі Уладзімір Макей.

Закранаючы тэму ўдзелу краіны ў інтэграцыйных аб`яднаннях і разам з гэтым захавання суверэнітэту, Уладзімір Макей адзначыў, што не бачыць у гэтым ніякай супярэчнасці.

"Нядаўна мы сустракаліся з маімі калегамі еўрапейскіх дзяржаў - міністрамі замежных спраў Аўстрыі, Венгрыі, і я цікавіўся іх меркаваннем наконт гэтага. І, як мне здаецца, ёсць адназначнае выразнае разуменне адносна таго, што сёння, у турбулентную эпоху, выжыць адной дзяржаве самастойна немагчыма, - сказаў міністр. - Асабліва невялікім і сярэднім дзяржавам, асабліва тым, якія не маюць магутных фінансавых рэсурсаў, вялікіх залежаў карысных выкапняў. Таму ёсць агульнае разуменне, што важна ўдзельнічаць у інтэграцыйных структурах, якія прыносілі б нейкія палітычныя, эканамічныя дывідэнды дзяржаве".

Пры гэтым, падкрэсліў Уладзімір Макей, ёсць дакладнае разуменне, што ні ў якім выпадку нельга гандляваць сваім суверэнітэтам. На першым месцы павінны стаяць нацыянальныя інтарэсы.

"Больш таго, абодва еўрапейскія міністры сказалі, што сёння нават мала хто гаворыць аб дружалюбных дзяржавах, братэрстве ў міждзяржаўных адносінах. Сёння на першым месцы стаяць інтарэсы. І калі мы паглядзім на паводзіны некаторых вялікіх геапалітычных гульцоў, вялікія геапалітычныя дзяржавы, то мы бачым: для іх самае галоўнае пашырэнне і абарона сваіх нацыянальных інтарэсаў, пашырэнне ўплыву ў тым ці іншым рэгіёне".

Міністр заўважыў, што ў такім выпадку ён не мае на ўвазе нейкія канкрэтныя дзяржавы. "Беларусь як невялікая сярэдняя па памерах еўрапейская дзяржава павінна таксама думаць, як нам абараніць, адстаяць свае інтарэсы, не толькі захаваць, але і ўмацаваць нашы суверэнітэт і незалежнасць, тэрытарыяльную цэласнасць", - падкрэсліў кіраўнік МЗС.

18 студзеня 2019, Мінск
Аліна Грышкевіч - БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/8-/36/46614
Текущая дата: 20.11.2024