Белорусский портал в Казахстане

МЗС Беларусі лічыць непрымальнымі заявы прэм`ер-міністра Арменіі Нікола Пашыняна



Міністэрства замежных спраў Беларусі лічыць непрымальнымі заявы выканаўцы абавязкаў прэм`ер-міністра Арменіі Нікола Пашыняна, які запатрабаваў ад Аляксандра Лукашэнкі тлумачэнняў пасля яго абмеркавання з Азербайджанам сітуацыі ў АДКБ.

"Напэўна, спадар Пашынян пакуль не зразумеў, што правілы так званай вулічнай дэмакратыі непрымальныя ў вялікай палітыцы. Шкада. Спадзяемся, што з часам гэта пройдзе", — пракаментаваў выказванні армянскага прэм`ера прэс-сакратар беларускага МЗС Анатоль Глаз.

"Відаць, выканаўца абавязкаў прэм`ер-міністра Арменіі ўявіў сябе міжнародным пракурорам, упаўнаважаным караць або мілаваць. Магчыма, гэта было прымальна ў выпадку з былым генеральным сакратаром АДКБ грамадзянінам Арменіі Юрыем Хачатуравым. Але ў міждзяржаўных адносінах існуюць цалкам выразныя нормы пратаколу і этыкету", — падкрэсліў прэс-сакратар знешнепалітычнага ведамства.

Выканаўца абавязкаў прэм`ер-міністра Арменіі Нікол Пашынян 16 лістапада ў гутарцы з журналістамі заявіў, што запатрабуе тлумачэнняў ад Аляксандра Лукашэнкі ў сувязі з абмеркаваннем сітуацыі, што склалася ў АДКБ, з краінай, якая не з`яўляецца членам гэтай арганізацыі, — Азербайджанам.

Пашынян, у прыватнасці, сказаў: "Гэта прыкладна тое ж самае, як калі б, напрыклад, я запрасіў якога-небудзь замежнага пасла краіны, што не з`яўляецца членам АДКБ, і распавёў яму пра пасяджэнне, якое прайшло ў фармаце зачыненых дзвярэй. Я здзіўлены тым, што чалавек, які займае статус кіраўніка дзяржавы на працягу 30 гадоў, мог дазволіць сабе падобны крок. І я, вядома, павінен запатрабаваць тлумачэнняў ад прэзідэнта Беларусі і не толькі ад прэзідэнта Беларусі".

Выканаўца абавязкаў прэм`ер-міністра Арменіі таксама мае намер патрабаваць тлумачэнняў ад прэзідэнта Казахстана Нурсултана Назарбаева, які пасля пасяджэння саміту АДКБ заявіў аб тым, што на пасаду генеральнага сакратара арганізацыі будзе прызначаны прадстаўнік Беларусі.

Пашынян распавёў, што ў тэлефоннай размове 16 лістапада з прэзідэнтам РФ Уладзімірам Пуціным яны таксама абмеркавалі гэтае пытанне.

Вынікі саміту АДКБ, які прайшоў 8 лістапада ў Астане, абмяркоўваліся 12 лістапада на сустрэчы Аляксандра Лукашэнкі з паслом Азербайджана Латыфам Гандзілавым. Што тычыцца прызначэння новага кіраўніка апарата АДКБ, то, паводле слоў Лукашэнкі, "варыянтаў было шмат". "І гэта не значыць, што мы ўшчамілі Арменію, што нехта перамог, хтосьці прайграў. Пытанне ў тым, што Нікол Пашынян павінен проста ва ўрадзе разабрацца з сітуацыяй, таму што гэтая краіна сёння ўзначальвае ЕАЭС, наш эканамічны саюз, і АДКБ — вельмі вялікая нагрузка на краіну, якая знаходзіцца ў такім пераходным перыядзе. І ці справіцца Арменія? Калі Нікол Пашынян разбярэцца і дасць нам адказ, гэта будзе ў Санкт-Пецярбургу", — сказаў Лукашэнка.

Гаворачы аб ратацыі кіраўніка АДКБ, Лукашэнка адзначыў, што наступная краіна па алфавіце — Беларусь. "У мяне на сёння тры кандыдатуры, якія я магу прапанаваць на пасаду генеральнага сакратара АДКБ", — заявіў кіраўнік дзяржавы.

Новы генеральны сакратар АДКБ будзе вызначаны на наступным саміце арганізацыі 6 снежня ў Санкт-Пецярбургу. Ранейшы генеральны сакратар Юрый Хачатураў адкліканы Арменіяй з пасады.

У Арганізацыю Дамовы аб калектыўнай бяспецы (АДКБ) уваходзяць Арменія, Беларусь, Казахстан, Кыргызстан, Расія і Таджыкістан.

Аляксей Арэшка, БелаПАН
Мінск, 17 лістапада 2018

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/8-/37/45638
Текущая дата: 20.11.2024