Белорусский портал в Казахстане

Беларусь гатовая накіраваць міратворцаў ва Украіну



Пра гэта заявіў 15 лістапада ў Маскве кіраўнік беларускага МЗС Уладзімір Макей паводле вынікаў сустрэчы з расійскім калегам Сяргеем Лаўровым.

"Мы гатовыя выдзеліць адпаведны міратворчы кантынгент, калі гэта будзе прымальным для ўсіх зацікаўленых краін, для таго каб удзельнічаць у вырашэнні міратворчых задач", — цытуе Макея дзяржаўнае агенцтва БелТА.

Кіраўнік МЗС падкрэсліў, што пазіцыя Беларусі па сітуацыі ва Украіне даўно вядомая: краіна "вельмі зацікаўленая ў як мага больш хуткім усталяванні там стабільнасці".

"Мы, вядома ж, гатовыя зрабіць усё для таго, каб гэтая канфліктная сітуацыя, якая сёння існуе, вырашылася і ў гэтыя раёны прыйшлі мір і спакой", — дадаў ён.

Макей нагадаў, што Мінск стаў пляцоўкай для рэгулярных перамоў трохбаковай кантактнай групы па ўрэгуляванні сітуацыі на паўднёвым усходзе Украіны.

"Як бы хто ні ацэньваў дзейнасць гэтай трохбаковай кантактнай групы, я лічу, што яна робіць прадуктыўны, важны ўнёсак ва ўрэгуляванне крызісных сітуацый. Мы маем намер і надалей даваць пляцоўку, рабіць усё магчымае для забеспячэння міру і стабільнасці ў гэтым рэгіёне", — заявіў міністр.

У сваю чаргу Лаўроў адзначыў, што пазіцыя Беларусі па ўрэгуляванні крызісу ва Украіне "адлюстроўвае і пазіцыю Расіі, якая зафіксаваная ў праекце рэзалюцыі Савета бяспекі ААН". Аднак, дадаў ён, гэты дакумент "ужо пару месяцаў ляжыць на стале, і яго абмеркаванне сабатуецца".

"Праца над гэтай тэмай працягваецца. У нашым праекце рэзалюцыі акрэсленыя абсалютна неабходныя крытэрыі міратворчай аперацыі, якія ўстаноўленыя ў Арганізацыі Аб`яднаных Нацый", — заявіў кіраўнік МЗС Расіі.

Магчымасць увядзення міратворцаў пад эгідай ААН на Данбас абмяркоўваецца з 2015 года з ініцыятывы афіцыйнага Кіева. У верасні 2017 года магчымасць увядзення місіі дапусціў прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін.

Міністр замежных спраў Украіны Павел Клімкін 10 лістапада заявіў, што Кіеў узгадніў з ЗША асноўныя тэзісы праекта рэзалюцыі ААН па міратворчай місіі на паўднёвым усходзе Украіны.

"Мы ўзгаднілі асноўныя параметры нашай пазіцыі, у нас фактычна гатовы тэкст рэзалюцыі, наш праект. Я маю на ўвазе наш, таму што гэта і ЗША, і Германія, і Францыя, і працуем з Вялікабрытаніяй з вельмі выразнай логікай", — сказаў Клімкін.

Аляксандр Лукашэнка між тым неаднаразова заяўляў, што Беларусь, садзейнічаючы ўрэгуляванню канфлікту на паўднёвым усходзе Украіны, не займаецца міратворчасцю.

"Мы не міратворцы. Мы не напрошваліся на гэтую функцыю. Мы нікога не збіраемся мірыць, калі нас пра гэта не просяць. Я баюся толькі аднаго: калі мы на ўсходзе будзем ваяваць, ва Украіне, мы ў гэтае балота збяром усю дрэнь з усяго свету", — сказаў ён на прэс-канферэнцыі ў лютым 2015 года.

Аляксей Аляксандраў, БелаПАН
Мінск, 15 лістапада 2017

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/8-/42/41128
Текущая дата: 20.11.2024