Белорусский портал в Казахстане

Паслы 36 краін дэкламавалі вершы Янкі Купалы ў МЗС Беларусі



Паслы 36 краін 21 лютага дэкламавалі вершы Янкі Купалы ў Міністэрстве замежных спраў Беларусі на ўрачыстым мерапрыемстве, прысвечаным святкаванню Міжнароднага дня роднай мовы і 135-годдзю з дня нараджэння першага народнага паэта Янкі Купалы.

Як падкрэсліў на сустрэчы намеснік міністра замежных спраў Алег Краўчанка, стала добрай традыцыяй, што ў сценах беларускага знешнепалітычнага ведамства гучаць вершы Купалы. "Вершы, якія ў пачатку ХХ стагоддзя сталі сімвалам беларускага адраджэння і ажыццяўлення высакароднай ідэі - самавызначэння народа", - заўважыў намеснік міністра.

"Для нас вялікі гонар, што словы беларускага песняра, якія адлюстроўваюць беларускую гісторыю, наш дух, беларускае сэрца, гучаць на мовах многіх краін свету", - сказаў Алег Краўчанка.

Усяго на мерапрыемства сабраліся прадстаўнікі 51 дзяржавы, а ў якасці чытальнікаў выступілі паслы і дыпламаты 36 краін. Кіраўнік прадстаўніцтва Еўрасаюза ў Беларусі Андрэа Віктарын сказала, што на гэты раз прачытае радкі Купалы на англійскай мове, паабяцаўшы, што ў будучым годзе зробіць гэта па-беларуску.

Апостальскі нунцый Габар Пінтэр дэкламаваў па-беларуску вядомы верш "А хто там ідзе?".

Дарэчы, менавіта гэты твор культурнае прадстаўніцтва пасольства Ірана пераклала на фарсі - гэта стала 84-й мовай, на якой цяпер будзе гучаць "А хто там ідзе?".

Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол ФРГ у Беларусі Петэр Дэтмар па-беларуску чытаў купалаўскае "Жніво".

Нездарма творчасць Янкі Купалы згадваецца ў многіх германскіх даведніках, дзе размова ідзе пра беларускую літаратуру, - тлумачыцца гэта тым, што беларускі паэт пабываў у Германіі ў 1925 годзе.

Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Кітайскай Народнай Рэспублікі ў Беларусі Цуй Цымін назваў гэту сустрэчу сапраўдным святам. Паводле яго слоў, творчасць Янкі Купалы добра вядома ва ўсім свеце, у тым ліку ў Кітаі. У яго выкананні прыгожа гучалі купалаўскія радкі на кітайскай мове.

На мерапрыемстве фальклорная група "Страла" Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў выканала беларускія песні.

Акрамя таго, была адкрыта выстаўка з фондаў Дзяржаўнага літаратурнага музея паэта "Я нясу вам дар", якая знаёміць са старонкамі жыцця і творчасці Янкі Купалы.

Святкаванне было арганізавана Міністэрствам замежных спраў Беларусі сумесна з Дзяржаўным літаратурным музеем Янкі Купалы.

21 лютага 2017, Мінск
Аліна Грышкевіч - БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/8-/46/38771
Текущая дата: 20.11.2024