Дырэктар Расійскага інстытута стратэгічных даследаванняў Леанід Рашэтнікаў не бачыць прычын для скандалу ў сувязі са сваімі выказваннямі пра Беларусь і беларускую мову, а пратэст МЗС, паводле яго слоў, гэта "наогул надзвычайна ўжо".
Такое меркаванне Рашэтнікаў выказаў у каментары.
21 снежня ў інтэрнэце было размешчанае відэа з выказваннямі Рашэтнікава адносна незалежнасці Беларусі і беларускай мовы. У Беларусі, заявіў ён, "усё рухаецца паводле ўкраінскага сцэнарыя".
Што да беларускай мовы, то, спаслаўшыся на газету "Правда" 1926 года, Рашэтнікаў заявіў, што беларуская мова была створаная пастановай аргбюро ЦК ВКП(б).
Што да беларускай мовы, то, спаслаўшыся на газету "Правда" 1926 года, Рашэтнікаў заявіў, што беларуская мова была створаная пастановай аргбюро ЦК ВКП(б).
На наступны дзень у беларускае МЗС быў выкліканы дарадца-пасланец пасольства Расіі Вадзім Гусеў. "Беларускім бокам была дадзеная прынцыповая ацэнка ў дачыненні да неабгрунтаванасці па сутнасці і катэгарычнай непрымальнасці па форме падобных заяў, — гаварылася ў паведамленні прэс-службы МЗС. — Падкрэслена, што яны абсалютна не адпавядаюць стратэгічнаму характару беларуска-расійскіх адносін, а таксама зафіксаваным у двух- і шматбаковых дакументах прынцыпам, на якіх грунтуецца супрацоўніцтва нашых братэрскіх дзяржаў, — паважання суверэнітэту, незалежнасці і тэрытарыяльнай цэласнасці".
У каментары Рашэтнікаў заявіў, што не чакаў такога рэзанансу. "Інтэрв`ю было прысвечанае наогул не Беларусі, там было адно пытанне па Беларусі. Увогуле я не думаў, што на гэта так адрэагуюць, — сказаў ён. — Як можа пратэставаць МЗС па пытаннях, якія патрабуюць навуковай дыскусіі? На што пратэстуеце? За беларускую мову вы мяне крытыкуеце? Але ёсць такі дакумент, вось яго і крытыкуйце і тлумачце, калі вас гэта не задавальняе. Трэба ж з пастановай змагацца, а не са мной".
Рашэтнікаў падкрэсліў, што рабіў акцэнт на небяспецы існых тэндэнцый у адносінах краін. "Я сказаў, што мы дзелім нашу гісторыю і аддаляемся, уводзячы новыя ўсякія акцэнты, адзін ад аднаго, — адзначыў ён. — Наглядна бачу, як адбывалася на Украіне. Пачыналі з гісторыі, сталі пісаць, што Украіна заўсёды існавала асобна, ніколі з рускімі не была звязаная. З гэтага ўсё пачалося. Гэта самае галоўнае. І калі мы зацвердзім ў галовах людзей, што беларусы заўсёды былі асобна і ніяк не звязаныя з Расіяй, гэта прывядзе да вельмі згубных наступстваў. Мы раздзелім адзіны народ".
Дырэктар РІСД таксама адзначыў: "Ніхто не супраць незалежнасці, але карані ж у нас адны. За гэта трэба трымацца. А ў Беларусі мы заўважаем, асабліва ў гістарычнай і гуманітарнай галінах, спробы сказаць: "Ды не, мы асобныя, мы заўсёды былі асобна". Навошта гэта? Што гэта дае? Толькі спрыяе ўзнікненню спачатку халадку, потым нелюбові, а потым і варожасці. Гэта не можа не насцярожваць. Бываюць і заявы афіцыйных асоб, якія таксама выклікаюць пытанні".
Паводле слоў Рашэтнікава, гадоў пяць-сем таму "такія выпадкі былі немагчымыя". "Усе казалі зусім іншае. І прэзідэнт ваш казаў гадоў дзесяць таму пра агульны корань, што мы адзіны народ, — сказаў ён. — Мы належым да гістарычнай вялікай Расіі. Я ж не сказаў, што да Расійскай Федэрацыі. Да вялікай Расіі, якой няма, якая скончылася, але мы належым да яе, у нас адзіны лёс, адзіная гісторыя. На гэта што — крыўдзіцца, адмаўляць? Я такія пытанні ставіў, а не для таго, каб нейкія пратэсты былі".
Праз некалькі гадзін пасля дэмаршу афіцыйнага Мінску расійскае МЗС паведаміла пра тэлефонную размову міністра Сяргея Лаўрова з беларускім калегам Уладзімірам Макеем. Былі разгледжаныя "актуальныя тэмы парадку дня расійска-беларускіх адносін". 23 снежня намеснік Лаўрова Рыгор Карасін сустрэўся з паслом Беларусі ў Маскве Ігарам Петрышэнкам. Бакі "абмяняліся думкамі па актуальных пытаннях расійска-беларускага ўзаемадзеяння".
"Што да канкрэтнай заявы Леаніда Рашэтнікава, пра якую ідзе гаворка, яна ў мяне выклікала здзіўленне", — заявіў у пятніцу расійскаму інфармагенцтву ТАСС намеснік міністра замежных спраў Расіі Рыгор Карасін.
РІСД быў заснаваны згодна з указам прэзідэнта РФ у 1992 годзе. Ён забяспечвае інфармацыяй Адміністрацыю прэзідэнта, Савет бяспекі і іншыя структуры расійскай улады.
2 лістапада 2016 года прэзідэнт РФ Уладзімір Пуцін падпісаў указ аб зняцці Рашэтнікава з пасады дырэктара РІСД з 4 студзеня 2017 года. Новым кіраўніком інстытута стане былы прэм`ер-міністр РФ (2004—2007), былы дырэктар Службы знешняй разведкі (2007—2016) Міхаіл Фрадкоў.
Таццяна Каравянкова, БелаПАН
Мінск, 23 снежня 2016
Мінск, 23 снежня 2016
Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/8-/47/38165
Текущая дата: 20.11.2024