Аляксандр Лукашэнка і эмір Катара шэйх Тамім бен Хамад аль-Тані на перамовах, якія прайшлі 30 кастрычніка ў Досе, дамовіліся садзейнічаць больш цеснаму гандлёва-эканамічнаму супрацоўніцтву дзвюх краін.
Кіраўнікі дзвюх дзяржаў канстатавалі даверныя адносіны як на міждзяржаўным, так і на асабістым узроўнях, добрае ўзаемадзеянне ў палітыцы. Разам з тым адзначана неабходнасць нарошчвання аб`ёмаў гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва, бо гэта сфера пакуль крыху адстае ад палітычнай.
Заяўлена, што цяперашняя сустрэча ў Досе з`яўляецца добрай нагодай, каб вызначыцца, як і ў якім кірунку прасоўваць двухбаковыя адносіны. У якасці ключавых названыя сферы інвестыцый і гандлю з акцэнтам на стварэнне сумесных прадпрыемстваў. Перспектыўнымі кірункамі для развіцця супрацоўніцтва названая дрэваапрацоўка, а таксама пастаўкі прадуктаў харчавання.
Лукашэнка прапанаваў даручыць урадам Беларусі і Катара вызначыць "тры-пяць добрых, выгадных абодвум бакам праектаў, якія маглі б стаць свайго роду лакаматывам развіцця адносінаў". Працягнуць абмеркаванне гэтых пытанняў мяркуецца і падчас будучага візіту эміра Катара ў Беларусь.
Па выніках візіту чакаецца падпісанне шэрагу міжнародных дакументаў.
Лукашэнка прыбыў з афіцыйным візітам у Катар 29 кастрычніка. Са сталіцы Катара ён накіруецца з рабочым візітам у Аб`яднаныя Арабскія Эміраты, дзе сустрэнецца з наследным прынцам Абу-Дабі, намеснікам вярхоўнага галоўнакамандуючага Узброенымі сіламі ААЭ шэйхам Мухамедам бен Заідам аль-Нахаянам. Таксама запланаваныя перамовы Лукашэнкі з віцэ-прэзідэнтам, прэм`ер-міністрам і міністрам абароны ААЭ, правіцелем эмірата Дубай шэйхам Мухамедам бен Рашыдам аль-Мактумам.
Мінск, 30 кастрычніка 2016
Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/8-/48/37459
Текущая дата: 20.11.2024