Белорусский портал в Казахстане

МЗС: Даклад Дзярждэпартамента ЗША аб гандлі людзьмі ў дачыненні да Беларусі вельмі далёкі ад аб`ектыўнасці



"Чарговы опус Дзярждэпартамента ЗША аб гандлі людзьмі ў дачыненні да Беларусі вельмі далёкі ад аб`ектыўнасці" — так пракаментавала штогадовы даклад аб гандлі людзьмі ў свеце намеснік начальніка прэс-службы беларускага МЗС Марыя Ваньшына.

"Даклад Дзярждэпартамента складаецца для прадстаўлення ў Кангрэс ЗША ў адпаведнасці з амерыканскім законам аб абароне ахвяр гандлю людзьмі. Абарона ахвяр гандлю людзьмі і барацьба з гандлем людзьмі — паняцці звязаныя, але не ідэнтычныя. Такім чынам, назва дакладу не ў поўнай меры адпавядае яго мэтам і зместу, што цягне за сабой разыходжанні ў ацэнках дакладу шэрагам замежных дзяржаў і аўтарамі дакумента", — гаворыцца ў каментары, размешчаным на афіцыйным сайце МЗС.

Ваньшына адзначае, што менавіта ў адносінах да абароны ахвяр гандлю людзьмі аўтары дакладу ўпершыню прызнаюць наяўнасць у Беларусі пэўнага прагрэсу. "Але агульныя высновы засноўваюць на крытыцы іншых заканадаўчых актаў нашай краіны, якія рэгулююць сферы, далёкія ад гандлю людзьмі, уключаючы дэкрэт аб мерах па развіцці дрэваапрацоўчай прамысловасці, які ўжо страціў моц, — гаворыцца ў каментары. — Ініцыятывы і актыўная дзейнасць нашай краіны на міжнароднай арэне па аб`яднанні намаганняў дзяржаў для сумеснай барацьбы з гандлем людзьмі агульнавядомыя і прызнаныя ААН, МАМ, УНЗ ААН і іншымі міжнароднымі арганізацыямі. Экспертам у гэтай галіне таксама вядомыя вынікі дзейнасці праваахоўных органаў Беларусі па барацьбе з такімі злачынствамі".

Ваньшына падкрэсліла, што Беларусь працягне намаганні па барацьбе з гандлем людзьмі на міжнародным і ўнутраным узроўні. "Інтарэсам міжнароднай супольнасці па барацьбе з гэтымі злачынствамі адпавядае таксама супрацоўніцтва нашай краіны з замежнымі дзяржавамі, уключаючы ЗША, — сказала яна. — Не выключаем пры гэтым, што некаторыя адрозненні ў падыходах беларускага і амерыканскага бакоў, уключаючы метадалогію і прыярытэты барацьбы з гандлем людзьмі, будуць у найбліжэйшай і, магчыма, сярэднетэрміновай перспектыве абумоўліваць захаванне рознагалоссяў па пытанні высноваў дакладу Дзярждэпартамэнта ЗША".

У штогадовым дакладзе Дзярждэпартамента ЗША ацэньваюцца намаганні ўрадаў 188 краін па барацьбе з сучасным рабствам. Упершыню за ўвесь час падрыхтоўкі такіх дакладаў Беларусь апынулася ўключанай у "чорны" спіс, куды трапляюць пры неадпаведнасці намаганняў улады мінімальным стандартам барацьбы з гандлем людзьмі.

У дакладзе адзначаецца, што Беларусі неабходна выкараніць ўсе формы прымусовай працы, актывізаваць намаганні ў расследаванні і судовым пераследзе выпадкаў прымусу да працы і гандлю людзьмі з мэтай сексуальнай эксплуатацыі, павялічыць маніторынг выпадкаў прымусу да працы ўнутры краіны.

Таццяна Каравянкова, БелаПАН
Мінск, 5 ліпеня 2016

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/8-/50/36246
Текущая дата: 20.11.2024