Імідж Беларусі за межамі краіны вельмі адрозніваецца ад таго, што можна знайсці, калі жывеш і працуеш тут, заявіў пасол Эстоніі Майт Марцінсон.
Паводле слоў дыпламата, уражанні ад першых чатырох месяцаў працы ў Беларусі ў яго "добрыя і цікавыя". "Уражвае больш за ўсё, напэўна, тое, што аблічча Беларусі, якое існуе па-за краінай, і тое, што можна знайсці тут, калі жывеш і працуеш у Беларусі, вельмі адрозніваюцца", — сказаў ён.
Імідж "апошняй дыктатуры Еўропы" не вельмі пазітыўна ўплывае на ўспрыманне краіны іншаземцамі, зазначыў Марцінсон. "Але ёсць і пазітыўныя змены, — падкрэсліў пасол. — Мяне яшчэ тут не было, але чэмпіянат свету па хакеі, які праходзіў у Мінску вясной, паўплываў на многіх людзей. Яны прыехалі і ўбачылі, што краіна жыве, горад расце, грамадскі транспарт прыстойна працуе".
Марцінсон расказаў, што калі вырашалася пытанне аб яго назначэнні, ён меў магчымасць выбраць краіну, у якой узначаліць дыпмісію. Свой выбар пасол тлумачыць тым, што Беларусь знаходзіцца ў рэгіёне, дзе адбываюцца "вельмі цікавыя падзеі".
"Мы жывём у цікавыя часы. Можна знайсці ў нейкай ступені лёгкую працу ў такіх месцах, дзе больш-менш ведаеш, як усё будзе — выбары праз кожныя чатыры гады, адна кааліцыя змяняецца другой, асаблівых зрухаў няма. Але Беларусь знаходзіцца ў такім рэгіёне, дзе адбываюцца і адбудуцца вельмі цікавыя, хоць і не заўсёды пажаданыя, падзеі. Здаецца, што тут магчыма садзейнічаць як двухбаковым эстонска-беларускім адносінам, так і адносінам Беларусі з Еўрапейскім саюзам. Здаецца, што тут будзе цікава", — выказаў меркаванне Марцінсон.
Сваёй асноўнай задачай у якасці пасла Эстоніі ён лічыць развіццё кантактаў у розных сектарах і на розных узроўнях. "Неабходна зразумець грамадства, што рухае ім, знайсці кропкі сутыкнення", — сказаў дыпламат.
Майт Марцінсон прыбыў у Мінск у пачатку жніўня мінулага года, змяніўшы на пасадзе кіраўніка дыппрадстаўніцтва Эстоніі Яака Ленсмента, які працаваў у Беларусі з верасня 2010-га.
Новы пасол нарадзіўся 19 ліпеня 1969 года. У 1993-м скончыў эканамічны факультэт Маскоўскага дзяржаўнага ўніверсітэта. У тым жа годзе пачаў працаваць аташэ па эканамічных пытаннях у дэпартаменце знешнеэканамічнай палітыкі МЗС Эстоніі.
У 1994—1995 гадах займаў пасаду трэцяга сакратара ў дэпартаменце знешнеэканамічнай палітыкі МЗС, а ў 1995—1996 гадах — дырэктара аддзела Цэнтральнай і Усходняй Еўропы ў гэтым жа дэпартаменце. У 1996—1999 гадах працаваў першым сакратаром пасольства Эстоніі ў ЗША. З 2000 года па 2002-і быў гандлёвым пасрэднікам у дэпартаменце знешнеэканамічнай палітыкі МЗС.
З 2002 года па 2007-ы Марцінсон узначальваў эстонскае пасольства ў Пекіне, затым — службу пратакола ў МЗС Эстоніі. З 2010 года займаў пасаду пасла Эстоніі ў Ірландыі.
Поўны тэкст інтэрв`ю з Майтам Марцінсонам публікуе 23 студзеня інтэрнэт-газета БелаПАН Naviny.by ("Белорусские новости").
Таццяна Каравянкова, БелаПАН
Мінск, 23 студзеня 2015
Мінск, 23 студзеня 2015
Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/8-/64/29179
Текущая дата: 27.11.2024