Белорусский портал в Казахстане

У Кіеве і Маскве станоўча ацэньваюць мінскую сустрэчу кантактнай групы па Украіне



Такая ацэнка прагучала 2 верасня ў каментарах міністраў замежных спраў Украіны і Расіі.

У Кіеве і Маскве станоўча ацэньваюць пасяджэнне кантактнай групы па Украіне ў фармаце Украіна — Расія — АБСЕ, якое прайшло 1 верасня ў Мінску.

Нагадаем, украінскі бок на перамовах прадстаўляў былы прэзідэнт Украіны Леанід Кучма, расійскі — пасол РФ у Кіеве Міхаіл Зурабаў, АБСЕ — афіцыйны прадстаўнік дзейнага старшыні АБСЕ па пытаннях урэгулявання сітуацыі ва Украіне Адэльхейд Тальявіні. У пасяджэнні таксама ўзялі ўдзел прадстаўнікі самаабвешчаных Данецкай народнай рэспублікі (ДНР) і Луганскай народнай рэспублікі (ЛНР) Андрэй Пургін і Аляксей Каракін.

Падчас перамоў яны заклікалі Кіеў прызнаць асаблівы статус ДНР і ЛНР, паабяцаўшы ўзамен прыкласці "максімум намаганняў" для захавання адзінай прасторы Украіны. Аб гэтым сепаратысты паведамілі журналістам пасля пасяджэння кантактнай групы.

Міністр замежных спраў Украіны Павел Клімкін станоўча ацаніў учарашнія перамовы ў Мінску. "Сам факт такіх кансультацый у Мінску з`яўляецца ў цэлым станоўчым, паколькі доўгі час было складана арганізаваць такія кансультацыі з-за нежадання прадстаўнікоў так званых ДНР і ЛНР браць у іх удзел", — сказаў ён на прэс-канферэнцыі ў Кіеве 2 верасня.

Паводле інфармацыі Клімкіна, у ходзе ўчарашніх кансультацый абмяркоўваліся пытанні, звязаныя з вызваленнем заложнікаў і перадумовамі спынення выкарыстання зброі. "Я размаўляў з удзельнікамі гэтых кансультацый як з украінскага боку, так і АБСЕ. Яны настроены на іх працяг і гатовы прадметна працаваць", — цытуе кіраўніка ўкраінскага МЗС агенцтва УНІАН.

Ён асобна падкрэсліў гатоўнасць прадстаўнікоў ДНР і ЛНР "прадметна працаваць". Для гэтага, заўважыў Клімкін, патрэбныя адпаведныя інструкцыі з Масквы, якая "поўнасцю кантралюе" дзеянні сепаратыстаў.

Пракаментаваў пасяджэнне кантактнай групы і кіраўнік МЗС РФ Сяргей Лаўроў. "Бакі абмяняліся пазіцыйнымі дакументамі, як я разумею, з пэўнымі прапановамі аб тым, як урэгуляваць гэту сітуацыю, і дамовіліся прадоўжыць працу ў такім жа фармаце ўжо на гэтым тыдні", — сказаў Лаўроў 2 верасня на брыфінгу ў Маскве.

Паводле яго слоў, ЗША і ЕС павінны падтрымаць працэс пошуку кампрамісу па ўрэгуляванні на Украіне, распачаты ў Мінску. "Вельмі важна, каб і ЗША, і еўрапейскія партнёры актыўна падтрымалі неабходнасць пошуку ўсёабдымнага кампрамісу ў рамках таго працэсу, які быў распачаты ўчора ў Мінску. Тады, нарэшце, шматлікія заклікі да палітычнага ўрэгулявання змогуць матэрыялізавацца. Мы будзем актыўна гэта падтрымліваць", — цытуе Лаўрова РИА Новости.

Чакаецца, што наступныя перамовы па Украіне пройдуць у Мінску ў тым жа фармаце 5 верасня. Ніякіх афіцыйных паведамленняў наконт працы кантактнай групы няма.

Мінск, 2 верасня 2014
БелаПАН

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/8-/68/27409
Текущая дата: 27.11.2024