Белорусский портал в Казахстане

Беларусь прапануе Расіі размясціць у сябе дадаткова да 15 самалётаў у сувязі з актыўнасцю НАТА



Пра гэта заявіў Аляксандр Лукашэнка 12 сакавіка на пасяджэнні Савета бяспекі па папярэдніх выніках першага этапу праверкі баявой гатоўнасці Узброеных сіл Беларусі.

"Мы апошнім часам, і гэта факт, назіраем эскалацыю канфлікту. Гэтая эскалацыя адбываецца ўжо не ў Сірыі, не ў Лівіі і не ў Іраку. Гэта ўжо каля нашых межаў, гэта ўжо закранае нашы інтарэсы, і мы, як мышы пад вернікам, сядзець не маем права", — цытуе Лукашэнку дзяржаўнае агенцтва БелТА.

"Мы будзем рэагаваць на ўсё адэкватным чынам. Калі НАТА прыняло для сябе рашэнне разам з амерыканцамі нарошчваць каля нашых межаў групоўку ваенна-паветраных сіл, мы што, павінны за гэтым назіраць? Калі яны перакінулі ў Літву дадаткова паўдзясятка знішчальнікаў-перахватчыкаў ці яшчэ нейкіх самалётаў і тыя дзейнічаюць каля нашых межаў, мы дзейнічаем адэкватна. Ужо дзейнічаем. Такое даручэнне міністр абароны атрымаў даўно, і яно, як ён мне паведамляе, выконваецца", — сказаў Лукашэнка.

Паводле яго слоў, беларускі бок рэагаваў на сітуацыю спакойна "датуль, пакуль не пачаліся маштабныя вучэнні на поўдзень на тэрыторыі Польшчы, і Польшча запрасіла ўзмацнення і пашырэння маштабаў гэтых вучэнняў". "Паўстае пытанне — навошта? Навошта ў гэты момант, калі ў гэтым рэгіёне не так усё спакойна? Больш за тое, ці ўчора вечарам, ноччу, ці сёння раніцай былі дадаткова, па маёй інфармацыі, перакінуты самалёты (пасля таго як з Вялікабрытаніі перакінулі ў Літву), больш як дзесяць, у раён гэтых вучэнняў з Італіі. Гэта значыць у наяўнасці нагнятанне становішча каля нашых межаў", — сказаў Лукашэнка.

"Мы павінны на гэта рэагаваць, але рэагаваць абсалютна адэкватна, — падкрэсліў ён. — Гэта не сакрэт, у нас з Расійскай Федэрацыяй у тым ліку існуе сумесная групоўка войскаў на гэтым напрамку, аснову якой складае армія Рэспублікі Беларусь. Гэта па дамоўленасці аб Саюзнай дзяржаве паміж Расіяй і Беларуссю. Гэтая групоўка мае план дзеянняў, у тым ліку план дзеянняў на такія выпадкі".

"Нам, вядома, няма неабходнасці, можа, у дадатковых паветраных сілах, але Расійская Федэрацыя абавязана па гэтым плане (гэта законны дакумент) падтрымліваць Беларусь, у тым ліку і ў межах ВПС", — дадаў Лукашэнка.

"Калі з Італіі перакінуты паўтара дзясятка самалётаў, я думаю, трэба звязацца з начальнікам Генштаба Расіі і прапанаваць ім, каб тое ўзмацненне, якое яны абавязаны прадаставіць нам (зараз, дапусцім, не больш за 12-15 самалётаў), перагнаць на тэрыторыю Беларусі, вызначыць маршруты патрулявання, як мы зрабілі для сваіх, запасныя маршруты, і няхай працуюць, патрулююць", — заявіў беларускі кіраўнік.

Лукашэнка паведаміў, што збіраецца даручыць Міністэрству абароны "задзейнічаць адпаведны план". "Мы пакуль гаворым пра тое,  што калі яны праводзяць вучэнні каля нашых межаў… Мы праводзім ужо даўно, яшчэ да гэтага канфлікту, праверку Узброеных сіл. Першы этап яе закончыўся. Дзяржсакратар зараз паведаміць аб выніках першага этапу. Застаецца другі этап. Я думаю, да месца нам правесці другі этап праверкі Узброеных сіл і ў межах гэтай праверкі разгарнуць, калі неабходна, дадатковыя Узброеныя сілы і правесці адпаведныя вучэнні так, як гэта робяць нашы суседзі на тэрыторыі Польшчы", — зазначыў кіраўнік дзяржавы.

Паводле яго слоў, "мабілізоўваць Узброеныя сілы абсалютна не трэба". "У нас у гэтай сітуацыі дастаткова часцей, якія знаходзяцца пры неабходнасці ў стадыі неадкладнага рэагавання, мы тут жа можам разгарнуць, яны поўнасцю ўкамплектаваныя. Таму нам няма неабходнасці дадаткова ажыццяўляць нейкія прызывы. Мы гэта будзем рабіць, калі трэба, у планавым рэжыме, але ў нас ёсць яшчэ нямала людзей пад ружжом у войсках Міністэрства ўнутраных спраў. Мы зноў не павінны гэтага ўтойваць, гэта людзі ваенныя, высока падрыхтаваныя. Калі трэба, мы будзем задзейнічаць іх, пагранічныя войскі, як мы заўсёды гэта робім, і адпрацоўваць сумесныя дзеянні. Вось алгарытм дзеянняў, які я стаўлю як галоўнакамандуючы перад нашымі людзьмі ў пагонах", — сказаў Лукашэнка.

Арцём Шрайбман, БелаПАН
Мінск, 12 сакавіка 2014

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/8-/76/25383
Текущая дата: 26.11.2024