Белорусский портал в Казахстане

Санкцыі Еўрапейскага саюза з`яўляюцца эфектыўнымі і павінны прымяняцца разам з палітычным дыялогам



Пра гэта заявіў міністр замежных спраў Літвы Лінас Лінкявічус, адкрываючы дыскусію аб эфектыўнасці палітыкі санкцый 18 лістапада ў Бруселі.

"За апошнія дзесяцігоддзі Еўрапейскі саюз ад усеагульнага эмбарга перайшоў да прымянення размераных санкцый, і яны з`яўляюцца толькі адным з інструментаў знешняй палітыкі ЕС. Мы імкнемся не толькі прымяняць санкцыі, але і падтрымліваць палітычны дыялог, таму што такі двайны падыход звычайна апраўдвае сябе", — прыводзіць прэс-служба МЗС Літвы словы Лінкявічуса.

Літва як старшыня Савета ЕС правяла дэбаты на тэму "Ці дзейнічаюць санкцыі ЕС?" сумесна з інстытутам навуковых даследаванняў European Policy Center. Было прэзентавана даследаванне чатырох рэжымаў санкцый — у Беларусі, Іране, М`янме і Сірыі.

Лінкявічус адзначыў: "За апошнія два гады значна павялічыўся ўзровень санкцый ЕС. Цяпер яны больш дакладныя, часта скіраваны супраць найбольш важных галінаў. Мы павінны перагледзець іх уплыў, але ацэнку неабходна аргументаваць вынікамі, а не колькасцю асоб або прадпрыемстваў, якія падлягаюць санкцыям".

Міністр прызнаў, што санкцыі непазбежна будуць уплываць на эканоміку ЕС, але лагічнае іх прымяненне не перашкодзіць росту гандлю з некаторымі краінамі. Ён заклікаў ЕС да больш цеснай каардынацыі дзеянняў паміж установамі ЕС і дзяржавамі-членамі.

Як адзначае прэс-служба, сярод найбольш частых мер — забарона на экспарт зброі, эканамічныя і фінансавыя абмежаванні, забарона на ўезд на тэрыторыю ЕС, замарожванне сродкаў асоб і прадпрыемстваў на тэрыторыі ЕС.

У дыскусіі ўдзельнічалі каардынатары Дзяржаўнага дэпартамента ЗША Дэн Фрыд і Міністэрства замежных спраў Швецыі Пэр Саланд, прадстаўнікі інстытутаў ЕС і ўстаноў дзяржаў-членаў, няўрадавых арганізацый, дзелавых колаў, СМІ, эксперты.

Савет Еўрасаюза ў канцы кастрычніка працягнуў да 31 кастрычніка 2014 года дзеянне "абмежавальных мер" у дачыненні да ўладаў Беларусі. Савет ЕС пакінуў у спісе фізічных і юрыдычных асоб, якім забаронены ўезд у ЕС і чые актывы на тэрыторыі супольнасці замарожаны, 232 фізічныя асобы і 25 кампаній і прадпрыемстваў.

Таццяна Каравянкова, БелаПАН
Мінск, 19 лістапада 2013

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/8-/80/24115
Текущая дата: 26.11.2024