Белорусский портал в Казахстане

МЗС лічыць пазіцыю польскага ўрада антыбеларускай



Уваходжанне ў сілу пагаднення аб прыгранічным руху з Польшчай у найбліжэйшы час не плануецца "ў сувязі з дастаткова жорсткай антыбеларускай пазіцыяй, якую займае польскі ўрад".

Аб гэтым заявіў прэс-сакратар беларускага МЗС Андрэй Савіных 21 сакавіка на брыфінгу, адказваючы на пытанне аб перспектывах уводу ў дзеянне гэтага пагаднення, запуск якога планаваўся яшчэ ў другой палове 2011 года.

Што да перспектыў завяршэння ўнутрыдзяржаўных працэдур па аналагічным пагадненні з Літвой, то, як паведаміў прэс-сакратар, беларускі бок працягвае аналіз практычнага прымянення такога ж пагаднення з Латвіяй.

Нагадаем, Літва афіцыйна паведаміла беларускаму боку аб завяршэнні ўсіх унутраных працэдур, неабходных для ўваходжання ў сілу пагаднення аб спрошчанай працэдуры перасячэння мяжы для жыхароў прыгранічных рэгіёнаў год таму — 1 сакавіка 2012 года. Дакумент быў падпісаны 20 кастрычніка 2010 года і ратыфікаваны парламентамі абедзвюх краін у 2011 годзе. Пагадненне набудзе моц праз 30 дзён пасля аб`яўлення беларускім бокам аб завяршэнні ўсіх унутраных працэдур.

Польшча прапанавала заключыць пагадненне аб малым прыгранічным руху з Беларуссю яшчэ ў лютым 2008 года. 12 лютага 2010 года дакумент быў падпісаны міністрамі замежных спраў Беларусі і Польшчы. Абедзве палаты сейма Польшчы ратыфікавалі яго 20 мая 2010 года; 22 чэрвеня 2010 года ратыфікаванае пагадненне падпісаў Браніслаў Камароўскі, які ў той момант з`яўляўся спікерам польскага сейма і выконваў абавязкі прэзідэнта краіны.

На прэс-канферэнцыі ў Мінску 14 лістапада 2012 года польскі пасол Лешак Шарэпка заявіў: Польшча ўсё яшчэ чакае ад беларускага боку пацвярджэнне аб завяршэнні працэдур па пагадненні аб малым прыгранічным руху. "У вас гэты працэс, як нам кажуць, застопарыўся ў Адміністрацыі прэзідэнта. Здаецца, нават прэзідэнт пагадненне падпісаў, але там ёсць момант, што для пачатку дзеяння пагаднення бакі павінны абмяняцца нотамі аб завяршэнні ўсіх працэдур. Гэта ўсё ніяк не адбываецца", — сказаў пасол. Паводле яго слоў, беларускія прадстаўнікі згадвалі, што затрымка звязана з "палітычнымі момантамі".

У 2012 годзе беларускія грамадскія актывісты арганізавалі збор подпісаў грамадзян пад петыцыяй у падтрымку малога прыгранічнага руху паміж Беларуссю і Польшчай. У петыцыі была выказана "глыбокая занепакоенасць зацягваннем урадам рэалізацыі дагавора аб малым прыгранічным руху з Рэспублікай Польшча". "Пагадненне аб малым прыгранічным руху закранае інтарэсы больш як мільёна беларускіх грамадзян, якія жывуць на прыгранічнай беларуска-польскай тэрыторыі", — падкрэслівалася ў дакуменце, які падпісалі не менш чым тысяча чалавек.

Андрэй Серада, БелаПАН
Мінск, 21 сакавіка 2013

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/8-/87/20030
Текущая дата: 26.11.2024