Белорусский портал в Казахстане

Літва імкнецца ствараць канструктыўныя адносіны з суседзямі, заснаваныя на еўрапейскіх прынцыпах



Аб гэтым заявіла прэзідэнт Літвы Даля Грыбаўскайтэ, уручаючы 2 красавіка ў Вільнюсе даверчыя граматы літоўскаму паслу ў Беларусі Эвалдасу Ігнатавічусу.

Як паведамляе прэс-служба літоўскага прэзідэнта, Грыбаўскайтэ адзначыла, што Літву і Беларусь звязваюць эканамічныя, культурныя і транзітныя сувязі. Мэта Літвы — канструктыўныя і ўзаемавыгадныя адносіны з суседзямі, што грунтуюцца на еўрапейскіх прынцыпах і нормах, сказала яна.

Грыбаўскайтэ падкрэсліла, што Беларусь з`яўляецца ўдзельніцай праграмы Еўрасаюза "Усходняе партнёрства". Саміт краін Усходняга партнёрства пройдзе ў Вільнюсе восенню гэтага года. На Літву як на будучага старшыню ЕС (з 1 ліпеня 2013 года. — БелаПАН.) "кладзецца задача супрацоўніцтва з Беларуссю па гэтых пытаннях", дадаў кіраўнік дзяржавы.

У паведамленні прэс-службы Грыбаўскайтэ таксама адзначаецца, што Літва і Беларусь падпісалі пагадненне аб спрошчаным перасячэнні мяжы. Зараз чакаецца завяршэнне ўнутраных працэдур з боку Беларусі, пасля чаго жыхары абедзвюх краін змогуць лягчэй перасякаць мяжу.

Пасольства Літвы ў Мінску працуе без надзвычайнага і паўнамоцнага пасла з канца 2012 года, калі ранейшы кіраўнік дыпмісіі Лінас Лінкявічус быў прызначаны міністрам замежных спраў Літоўскай Рэспублікі.

Новы пасол Літвы ў Беларусі 46-гадовы Эвалдас Ігнатавічус плануе прыбыць у Мінск на наступным тыдні, пасля велікодных канікул. Паводле дэкрэта літоўскага прэзідэнта, выкананне сваіх абавязкаў пасол павінен пачаць 8 красавіка.

Таццяна Каравянкова, БелаПАН
Мінск, 2 красавіка 2013

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/8-/87/20298
Текущая дата: 26.11.2024