Белорусский портал в Казахстане

Першая лэдзі Зімбабвэ знаходзіцца ў Мінску з візітам, адбылася яе сустрэча з кіраўніком МЗС



Міністр замежных спраў Беларусі Сяргей Алейнік правёў сустрэчу з жонкай Прэзідэнта Зімбабвэ Аксіліяй Мнангагва. Яе візіт праходзіць у адпаведнасці з дамоўленасцямі, дасягнутымі паміж прэзідэнтамі Беларусі і Зімбабвэ падчас дзяржаўнага візіту Аляксандра Лукашэнкі ў Харарэ.

Сяргей Алейнік цёпла вітаў Аксілію Мнангагва ў Мінску, адзначыўшы важнасць яе прыезду для плённага развіцця двухбаковых адносін, асабліва ў гуманітарнай сферы. Ён падкрэсліў, што падчас візіту беларускага лідара ў Харарэ былі дасягнуты гістарычна значныя дамоўленасці, дзякуючы якім павінен адбыцца сапраўдны прарыў у развіцці ўзаемадзеяння па шырокім спектры розных напрамкаў. Цяпер справа за ўрадамі і міністэрствамі, якім трэба будзе ўвасобіць у жыццё ўсе дамоўленасці.

Міністр звярнуў увагу на тое, што паміж Беларуссю і Зімбабвэ склаліся трывалыя палітычныя сувязі, узмацняецца эканамічнае супрацоўніцтва. Таксама дасягнуты дамоўленасці па развіцці ўзаемадзеяння ў гуманітарнай сферы, на чым і будзе зроблены акцэнт падчас візіту першай лэдзі Зімбабвэ ў Беларусь.

Ключавымі тэмамі падчас візіту першай лэдзі Зімбабвэ стануць пытанні аховы здароўя, медыцынскай навукі, аховы мацярынства і дзяцінства.

Звязда, 5 красавіка 2023


Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/8-0/10/68964
Текущая дата: 23.12.2024