Белорусский портал в Казахстане

Лукашэнка: Беларусь можа выкарыстоўваць Таджыкістан для гандлю на азіяцкіх рынках



Беларусь можа выкарыстоўваць Таджыкістан для гандлю на рынках Азіі, заявіў 28 кастрычніка на прэс-канферэнцыі ў Душанбэ Аляксандр Лукашэнка па выніках перамоў з прэзідэнтам Эмамалі Рахмонам.

Адзначыўшы рост гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва паміж дзвюма краінамі, Лукашэнка сказаў, што "ён мог быць і вышэйшы, калі б не пазіцыя некаторых суседзяў Таджыкістана, якія ўчынілі ім ізаляцыю". "Але вы, пабудаваўшы дарогі на Усход, выйшлі з транспартнага тупіку, зараз і Беларусь можа выкарыстоўваць гэтыя дарогі для гандлю на рынках іншых краін — такіх як Афганістан, Іран, Пакістан і Кітай", — цытуе Лукашэнку РІА Новости.

"Нашы краіны абдзеленыя прыроднымі рэсурсамі, але Бог узнагародзіў нас працавітымі і талерантнымі народамі, рукамі якіх нашы краіны дасягнуць дабрабыту", — адзначыў ён.

Лукашэнка паведаміў, што Беларусь "гатова пастаўляць у Таджыкістан недарагую тэхніку для развіцця сельскай гаспадаркі, будаўніцтва і камунікацый". "Мы таксама гатовы дапамагаць вам у навукаёмістых даследаваннях і сучасных тэхналогіях", — сказаў ён.

Паводле слоў Лукашэнкі, Беларусь таксама зацікаўлена ў сумесных энергетычных і камунікацыйных праектах і здачы тэхнікі ў лізінг.

Бакі маюць намер развіваць і ваенна-тэхнічнае супрацоўніцтва. "Найбліжэйшым часам у Мінск прыедзе вялікая дэлегацыя ваенных Таджыкістана, і мы на месцы вызначым асновы ваенна-тэхнічнага супрацоўніцтва", — сказаў беларускі афіцыйны лідар.

"Закрытых тэм на перамовах у нас не было, і думаю, што не будзе", — адзначыў ён.

"У нас няма рознагалоссяў з Таджыкістанам, і мы спадзяемся, што іх не будзе і надалей", — сказаў Лукашэнка. Паводле яго слоў, Беларусь падтрымлівала і будзе падтрымліваць Таджыкістан на ўсіх узроўнях, ва ўсіх міжнародных арганізацыях і інтэграцыйных аб`яднаннях СНД.

"Ты — мой вялікі сябар", — звярнуўся Лукашэнка ў завяршэнне прэс-канферэнцыі да свайго таджыкскага калегі. "І мы вельмі за вас хварэем і перажываем, жадаем, каб вы сталі ўпэўненай і моцнай дзяржавай", — сказаў ён.

БелаПАН
Мінск, 28 кастрычніка 2011

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/8-0/112/10221
Текущая дата: 26.12.2024