Белорусский портал в Казахстане

Настаў час "расчысціць дарогу для поўнафарматнага ўзаемадзеяння" з Захадам, лічыць Лукашэнка



"Двайныя стандарты, якія прымяняюць еўрапейцы, спробы націску і ўжыванне санкцый не стануць канструктыўным элементам палітыкі", — заявіў Аляксандр Лукашэнка, выступаючы 29 кастрычніка перад выкладчыкамі Таджыкскага тэхнічнага ўніверсітэта імя акадэміка М.С.Асімі.

"Упэўнены, даўно настаў час адмовіцца ад гэтых штучных бар`ераў, замшэлых стэрэатыпаў і расчысціць шлях для поўнафарматнага ўзаемадзеяння, які адпавядае чаканням нашых народаў", — цытуе беларускага афіцыйнага лідара дзяржаўнае інфармагенцтва БелТА.

Лукашэнка нагадаў, што Еўрасаюз для Беларусі з`яўляецца найважнейшым гандлёвым партнёрам і буйным інвестарам. Тавараабарот з краінамі Еўрасаюза, паводле яго слоў, на 5% перавышае тавараабарот з Расіяй, галоўным палітычным і эканамічным партнёрам Беларусі. "Але вы ведаеце, як паводзіць сябе Еўрасаюз: нейкая дэмакратызацыя (чытай — хаос і развал). Але ні вам, ні нам такая дэмакратызацыя не патрэбныя. Мы павінны працаваць у сваіх інтарэсах, інтарэсах свайго народа", — сказаў ён.

Лукашэнка завіў, што Беларусь забяспечвае бесперабойны транзіт тавараў і энергарэсурсаў у ЕС, ахову межаў, спыняе нелегальную міграцыю. "Так што цікавасць да дыялогу і выбудоўвання нармальных адносін павінна аб`ектыўна прысутнічаць у абодвух бакоў. Пры гэтым мы не стаім з працягнутай рукой, выпрошваючы супрацоўніцтва, — мы яго прапаноўваем", — заявіў ён.

Гэта датычыцца і адносін з ЗША, адзначыў ён. "Не мы былі ініцыятарамі цяперашніх складанасцяў у нашым дыялогу. Наадварот, Беларусь заўсёды была адказным партнёрам Злучаных Штатаў у барацьбе з тэрарызмам, наркатрафікам, адмываннем грошай і гандлем людзьмі", — сказаў Лукашэнка. Паводле яго слоў, Беларусь таксама аказвае садзеянне Вашынгтону ў вырашэнні афганскай праблемы.

БелаПАН
Мінск, 29 кастрычніка 2011

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/8-0/112/10230
Текущая дата: 26.12.2024