Белорусский портал в Казахстане

Менск выдаляе офіс АБСЭ



Пакуль старшыня АБСЭ, міністар замежных спраў Літвы Аўдронюс Ажубаліс знаходзіўся з візытам у ЗША, улады Беларусі прынялі канчатковае рашэньне аб закрыцьці офісу АБСЭ ў Менску. Не ўгаварыў беларусаў захаваць прадстаўніцтва АБСЭ і намесьнік міністра замежных справаў Літвы віцэ-прэмьер Эвалдас Ігнатавічус, які адмыслова наведаў Беларусь. Пра гэта паведамляе партал Delfi.

«Было зроблена ўсё магчымае, але атрымалася тое, што атрымалася. Такая палітычная сытуацыя ў Беларусі. Згодна практыцы АБСЭ, у краін-удзельніц ёсьць права адмовіцца», – сказаў 22 лютага на прэсавай канфэрэнцыі А. Ажубаліс.

Ён распавёў, што ў той час, як ён наведваў ЗША, сп-р Ігнатавічус езьдзіў у якасьці спэцыяльнага прадстаўніка ў Менск. Там віцэ-міністар правёў сустрэчу са сваім беларускім калегам і спрабаваў пераканаць яго, што ў інтарэсах самой Беларусі мець прадстаўніцтва АБСЭ, паколькі гэтая арганізацыя працуе ў розных сфэрах – заахвочвае эканамічнае разьвіцьцё, разьвіцьцё прававой дзяржавы, стварэньне грамадзянскай супольнасьці.

Хоць Літве з боку афіцыйнага Менску і быў пасланы несяброўскі сыгнал, А. Ажубаліс мяркуе, што Літва ажыцьцяўляе місію распаўсюджваньня дэмакратыі ў суседняй краіне.

«Літва стала для Беларусі рэальнай брамай на Захад, асабліва для грамадзянскай супольнасьці, – нагадаў міністар аб прадстаўніцтвах розных апазыцыйных партый і Эўрапейскім гуманітарным унівэрсытэце. – Мы ажывілі фонд, які падтрымлівае і дапамагае тым апазыцыйным дзеячам, у якіх у сувязі з перасьледам узьніклі праблемы са здароўем, якім патрэбна юрыдычная дапамога або трэба заплаціць штраф. Мы тут працуем на перадавой лініі».

Кіраўнік МЗС Літвы сказаў, што Літва можа працаваць над тым, каб Эўразьвяз пачаў перамовы аб спрошчаным рэжыме выдачы віз.

Паводле Ажубаліса, пакуль што двухбаковыя адносіны разьвіваюцца ў адным напрамку, але па розных лініях. Побач з распаўсюджваньнем дэмакратыі, ідзе гутарка і з афіцыйным Менскам – ідзе пасьпяховая праца па спрашчэньню памежнага руху.

«Спадзяюся, што гэтыя лініі зьліюцца», – выказаў надзею міністар. Палітыка


22 лютага 2011
Радыё Свабода



Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/8-0/129/4630
Текущая дата: 24.12.2024