Белорусский портал в Казахстане

Дэлегацыя Еўрапарламента адмяніла свой візіт у Беларусь



Візіт у Беларусь дэлегацыі Еўрапарламента не адбудзецца з-за немагчымасці сустрэцца з затрыманымі апазіцыянерамі. Такое рашэнне прынята 10 лютага, паведаміў журналістам старшыня дэлегацыі Еўрапарламента па адносінах з Беларуссю Яцэк Пратасевіч.

"Не мае сэнсу сустракацца толькі з афіцыйнымі асобамі і прадстаўнікамі ўладаў", — цытуе Пратасевіча Польскае агенцтва друку (PAP). Акрамя таго, адзначыў еўрадэпутат, беларускі бок даў зразумець, што не ўсе члены дэлегацыі могуць атрымаць візы на ўезд у Беларусь.

Першапачаткова дэлегацыя Еўрапарламента планавала наведаць Беларусь да 31 студзеня, каб вывучыць умовы, у якіх улады ўтрымліваюць экс-кандыдатаў у прэзідэнты і іншых апазіцыянераў, затрыманых пасля прэзідэнцкіх выбараў 19 снежня. Еўрапарламентарыі таксама разлічвалі сустрэцца з сем`ямі і адвакатамі затрыманых, незалежнымі журналістамі, праваабаронцамі і прадстаўнікамі ўладаў.

27 студзеня Пратасевіч паведаміў, што візіт у Беларусь адкладзены на месяц "па арганізацыйных прычынах, звязаных з палітычнай абстаноўкай у краіне".

Рашэнне аб адмене паездкі было прынята сёння на сустрэчы еўрапарламентарыяў, якія планавалі ўвайсці ў склад дэлегацыі.

Антон Тарас, БелаПАН
Мінск, 10 лютага 2011


Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/8-0/131/4369
Текущая дата: 24.12.2024