Белорусский портал в Казахстане

Адказ Грыбаўскайце Адамкусу: гэта Ваша палітыка была катастрофай



Прэзыдэнт Літвы Даля Грыбаўскайце адкідае крытыку ў свой адрас яе папярэдніка Валдаса Адамкуса наконт яе палітыкі ў дачыненьні да Беларусі. Адамкус назваў гэтую палітыку «катастрофай». Грыбаўскайце адказала, што катастрофа – гэта ня выяўленая ёю прыязнасьць да суседняй дзяржавы і Аляксандра Лукашэнкі, а тыя дзесяць гадоў, калі Літва «была павернутая да Беларусі сьпінай».

Пра гэта паведамляе інфармацыйны партал delfi.lt.

«Прэзыдэнт ніяк не ацэньвае і не камэнтуе выказаныя ў друку камэнтары або меркаваньні паасобных палітычных дзеячоў. Прэзыдэнт думае, што катастрофай і памылкай былі дзесяць гадоў ізаляцыі Беларусі. Тыя крокі, якія былі зробленыя за гады яе прэзыдэнцтва – першыя кантакты прычыніліся да таго, што зроблены хоць нейкія крокі да дэмакратызацыі», - сказаў пасьля сустрэчы Д.Грыбаўскайце зь міністрам замежных справаў яе прэсавы сакратар Лінас Бальсіс.

Міністар замежных справаў кансэрватар Аўдронюс Ажубаліс таксама не прыняў вострыя закіды В.Адамкуса.

«Ня ведаю, ці можна ахарактарызаваць цяперашнюю палітыку Літвы такімі жорсткімі словамі. Ці наша далейшая падтрымка і пасьпяховае заангажаваньне донараў Эўрапейскага гуманітарнага ўнівэрсытэту вартыя такіх словаў. Ці нашыя пасланыя ў Беларусь 40 кароткачасовых і чатыры доўгачасовыя назіральнікі таксама вартыя такіх словаў, я ня ведаю. Спробы шукаць кантакты і спробы актывізаваць дыялёг і з афіцыйным Менскам – такое было агульнае меркаваньне Эўразьвязу», - сказаў ён пасьля сустрэчы.

Грыбаўскайце крытыкуе і беларускую ўладу і апазыцыю

Кіраўнікі літоўскай зьнешняй палітыкі ў панядзелак абмеркавалі пытаньні старшынства Літвы ў АБСЭ, якое распачалася 1 студзеня. Яны адзначылі, што вырашэньне праблемаў Беларусі будзе адной з прыярытэтных задачаў.

Паводле Л.Бальсіса, важна дачакацца лютага і высноваў АБСЭ і іншых інстытуцыяў, якія ацэньвалі выбары ў Беларусі, аднак ужо першапачатковыя высновы АБСЭ сьведчаць, што нягледзячы на пэўны дэмакратычны прагрэс Беларусі трэба прайсьці яшчэ доўгі шлях, пакуль яна выканае свае абавязаньні па дэмакратычных стандартах АБСЭ.

Аднак Д.Грыбаўскайце, паўтарыўшы, што праявы гвалту пасьля выбараў кінулі цень на ўвесь выбарчы працэс, кінула камень і ў агарод антылукашэнкаўскай апазыцыі. «Прэзыдэнт асуджае непрапарцыйнае ўжыцьцё сілы супраць дэманстрантаў з боку беларускіх уладаў, але не падтрымлівае і пэўныя праявы гвалту з боку дэманстрантаў, магчымых правакацыяў», - сказаў Л.Бальсіс.

Лукашэнка даслаў Грыбаўскайце ліст з тлумачэньнямі

Д.Грыбаўскайце ў часе калядных сьвятаў атрымала ліст ад А.Лукашэнкі, у якім кіраўнік Беларусі тлумачыць пэрыпэтыі выбараў – выкладае погляд кіраўніцтва краіны на падзеі 19 сьнежня. Д.Грыбаўскайце зьбіраецца пазнаёміць з гэтым лістом віцэ-прэзыдэнтку Эўракамісіі Кэтрын Эштан.

Д.Грыбаўскайце заклікае Беларусь выявіць упэўненасьць у сабе і выпусьціць на свабоду затрыманых, забясьпечыць пацярпелым, асабліва аднаму зь лідэраў апазыцыі Ўладзімеру някляеву, усю неабходную мэдычную дапамогу.

«Калі кіраўніцтва Беларусі перакананае, што выбары выйграныя зь пераканаўчай перавагай, калі людзі падтрымліваюць кіраўніцтва, дык нашто баяцца апазыцыі? Нашто трымаць людзей за кратамі? - пытаўся Л.Бальсіс. - Бясспрэчна, дзеяньні беларускіх уладаў, скіраваныя супраць прадстаўнікоў грамадзтва, сродкаў масавай інфармацыі, арышты, фізычны гвалт – усё гэта ўскладняе супрацоўніцтва з кіраўніцтвам Беларусі, але не зь беларускімі людзьмі».

Закрыцьцё бюро АБСЭ ў Менску – галаўны боль дыпляматаў

З прычыны яшчэ аднаго рашэньня, якое не натхняе на супрацоўніцтва – закрыцьця ў Менску бюро АБСЭ напярэдадні пераняцьця Літвой старшынёўства ў гэтай арганізацыі, Д.Грыбаўскайце выказала шкадаваньне. На пытаньне, ці яна зьбіраецца ўжыць нейкія захады, Л.Бальсіс адказаў: «Першыя крокі дыпляматаў мусяць быць зробленыя. Меркаваньне прэзыдэнта, яе рашэньні і пазыцыю ўкараняюць у жыцьцё літоўскія дыпляматы», - пераказаў меркаваньне прэзыдэнта Л.Бальсіс.

Міністар замежных справаў А.Ажубаліс сказаў, што напярэдадні Новага году ён заклікаў свайго беларускага калегу Сяргея Мартынава перагледзець пазыцыю ў дачыненьні да бюро АБСЭ. «Мы яшчэ прадпрымаем некаторыя дзеяньні, сродкі, каб гэтае рашэньне Менску было перагледжанае, - сказаў ён, аднак канкрэтных плянаў не раскрыў. - Калі б я сказаў, якія прадпрымаюцца дыпляматычныя крокі, яны б ужо не былі дыпляматычныя».

Спрасьціць выдачу візаў

Прэзыдэнт Д.Грыбаўскайце паўтарае, што дзесяць гадоў ізаляцыі Беларусі былі памылкай, і лічыць, што трэба выявіць адкрытасьць да звычайных грамадзянаў Беларусі. Яна мае на ўвазе візавую палітыку.

Прэзыдэнт Літвы плянуе разам зь літоўскім Міністэрствам замежных справаў заклікаць Эўракамісію, яе прэзыдэнта Жузэ Мануэла Барозу і прэзыдэнта Рады Эўразьвязу Германа ван Ромпэя спрасьціць візавыя працэдуры і зьнізіць цану візаў для беларусаў.

«Гэта канкрэтны крок, які адлюстроўвае погляд Літвы і яе прэзыдэнта на грамадзянаў Беларусі, на неабходнасьць супрацоўнічаць, адкрыць межы і дазволіць людзям шырэй пазнаёміцца з тым, што абываецца ў суседніх краінах», - паводле Л.Бальсіса, гэта абудзіла б надзею, што знаёмства з дэмакратыяй дало б вынікі і ў справе пашырэньня дэмакратыі ў Беларусі.

03 студзеня 2011
Радыё Свабода

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/8-0/135/3589
Текущая дата: 23.12.2024