Белорусский портал в Казахстане

МЗС Беларусі ўручыла ноту паслу Украіны ў сувязі з прыняццем указа па прыцягненні высокакваліфікаваных спецыялістаў



Аб гэтым паведамілі ў прэс-службе МЗС.

У Міністэрства замежных спраў быў выкліканы пасол Украіны ў Беларусі Ігар Кізім, якому ўручана нота МЗС. У ёй беларускі бок выказвае заклапочанасць прыняццем указа Прэзідэнта Украіны "Аб некаторых мерах па прыцягненні прадпрымальнікаў, высокакваліфікаваных спецыялістаў, якія з`яўляюцца грамадзянамі Рэспублікі Беларусь", які ў парушэнне агульнапрынятых прававых норм распаўсюджвае сваё дзеянне выключна на грамадзян суседняй дзяржавы. 

Гэты прававы акт нельга трактаваць інакш як яўна недружалюбны і дыскрымінацыйны крок украінскага боку, што мяжуе з умяшаннем ва ўнутраныя справы Беларусі, перакананы ў МЗС.

На думку беларускага боку, прыняцце вышэйназванага ўказа падрывае давер у двухбаковых адносінах і ідзе ўразрэз з палажэннямі Дагавора аб дружбе, добрасуседстве і супрацоўніцтве паміж Беларуссю і Украінай, а таксама міжурадавых пагадненняў аб гандлёва-эканамічным супрацоўніцтве, аб бязвізавых паездках грамадзян і аб працоўнай дзейнасці і сацыяльнай абароне грамадзян абедзвюх краін, якія працуюць за межамі сваіх дзяржаў.

"У сувязі з гэтым украінскаму боку настойліва рэкамендавана прыняць меры па выкананні ўзятых на сябе дагаворных абавязацельстваў у адносінах з Беларуссю. Шчыра не жадаючы нанесці шкоду дружалюбным сувязям з украінскім народам, беларускі бок не мае намеру пераходзіць "чырвоныя межы" ў адносінах з Украінай, але пакідае за сабой права на прымяненне, у выпадку апраўданай неабходнасці, мер у адказ па абароне нацыянальных інтарэсаў у адпаведнасці з міжнароднымі нормамі", - падкрэслілі ў МЗС.

14 кастрычніка 2020, Мінск
БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/8-0/26/56425
Текущая дата: 25.12.2024