Белорусский портал в Казахстане

Назначаны паслы ў ЗША, Нідэрланды, Аўстрыю, Вялікабрытанію і Казахстан



Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка назначыў 20-га ліпеня паслоў у Злучаныя Штаты Амерыкі, Нідэрланды, Аўстрыю, Вялікабрытанію і Казахстан.

Надзвычайным і Паўнамоцным Паслом Беларусі ў Нідэрландах стане першы намеснік міністра замежных спраў Андрэй Еўдачэнка. Намеснікі міністра Алег Краўчанка і Андрэй Дапкюнас назначаны адпаведна пасламі ў ЗША і Аўстрыю. Акрамя таго, Андрэй Дапкюнас па сумяшчальніцтве зойме пасаду пасла ў Славеніі і стане пастаянным прадстаўніком Беларусі пры міжнародных арганізацыях у Вене і пры Арганізацыі па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе (АБСЕ).

Былы міністр прамысловасці Павел Уцюпін стане Надзвычайным і Паўнамоцным Паслом Беларусі ў Казахстане, а экс-міністр фінансаў Максім Ермаловіч - у Злучаным Каралеўстве Вялікабрытаніі і Паўночнай Ірландыі і па сумяшчальніцтве ў Ірландыі.

Цяперашні пасол Беларусі ў Вялікабрытаніі Сяргей Алейнік узгоднены на пазіцыю намесніка міністра замежных спраў замест Алега Краўчанкі. Пасаду першага намесніка міністра замежных спраў зойме пасол Беларусі ў Італіі Аляксандр Гур`янаў.

Як заўважыў кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта Ігар Сергяенка, на пасады кіраўнікоў беларускіх дыпмісій падабраны не толькі кадравыя дыпламаты, але і ўпраўленцы з практыкай работы ў сферы міжнародных адносін, якія добра зарэкамендавалі сябе.

"Шмат я пачуў амаль пра кожнага прысутнага тут. Я ўжо не гавару пра Андрэя Дапкюнаса: я ўпэўнены, што чалавек дасведчаны і сапраўдны беларус. Наколькі я разумею, наколькі мой лёс сутыкнуўся з яго работай у свой час, калі ён яшчэ ў Нью-Ёрку быў", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Што датычыцца назначэння Андрэя Еўдачэнкі ў Нідэрланды, міністр замежных спраў Уладзімір Макей адзначыў, што гэта еўрапейская краіна яшчэ не да канца даследавана Беларуссю, ёсць перспектывы для запуску сур`ёзных праектаў.

"Вельмі спадзяюся, што ваш досвед работы ў Беларусі схіліць вас да таго, што вы нам вельмі сур`ёзна дапаможаце па перспектыўных праектах. Нідэрланды - няпростая краіна, яны не ва ўсё ўнікаюць і не ўсё ведаюць пра Беларусь, тым не менш займаюць асаблівую пазіцыю. Думаю, вы зможаце павярнуць гэту кампактную, невялікую краіну, прыкладна раўназначную Беларусі, у наш бок", - звярнуўся кіраўнік дзяржавы да пасла.

Максіма Ермаловіча, паводле слоў Прэзідэнта, мэтанакіравана рыхтавалі на пасаду пасла Беларусі ў Вялікабрытаніі. "Дарэчы, яго рэкамендуе Мішусцін (прэм`ер-міністр Расіі.). Вельмі шмат пра яго расказваў, нават тое, чаго я не ведаў. Ён вельмі добрага меркавання пра нашага міністра фінансаў. Калі я сказаў, што ён едзе ў Вялікабрытанію, ён са шкадаваннем да гэтага аднёсся, - расказаў кіраўнік дзяржавы. - Там, як і з Амерыкай. Ты лепш за мяне ведаеш, у якім плане трэба папрацаваць".

Варта адзначыць, што пасада пасла Беларусі ў ЗША была вакантнай 12 гадоў. Аб аднаўленні дыппрадстаўніцтваў на ўзроўні паслоў Мінск і Вашынгтон заявілі ў верасні 2019 года, калі Аляксандр Лукашэнка сустракаўся з намеснікам дзяржаўнага сакратара ЗША па палітычных пытаннях Дэвідам Хэйлам. Намеснік дзяржсакратара тады сказаў: "Сёння гістарычны момант у амерыкана-беларускіх адносінах. Я рады прыняць удзел у аб`яўленні нашай гатоўнасці да абмену пасламі як наступнага кроку па нармалізацыі адносін".

20 ліпеня 2020, Мінск
БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/8-0/28/54697
Текущая дата: 25.12.2024