Белорусский портал в Казахстане

Шанаваць памяць ахвяр сталінскі рэпрэсій для Польшчы гэтак жа важна, як аддаваць даніну памяці ахвярам нацызму



Аб гэтым заявіў 28 чэрвеня ў Мінску новы пасол Польшчы ў Беларусі Артур Міхальскі.

"Надзвычай важна памятаць пра злачынствы, якія звязаныя не толькі з нацысцкім рэжымам, але і з ліхадзействам, масавымі забойствамі з боку НКУС. І тут ёсць надзвычай важнае месца — Курапаты. Для нас гэта таксама месца вельмі сімвалічнае, паколькі, паводле многіх звестак, там пахавана вялікая колькасць палякаў", — падкрэсліў дыпламат.

На пытанне, ці наведаюць Курапаты прадстаўнікі польскай дэлегацыі, якая прыбудзе ў Мінск для ўдзелу ў цырымоніі адкрыцця другой чаргі мемарыяла "Трасцянец" 29 чэрвеня, Міхальскі не адказаў. Канчатковай праграмы візіту ў пасольстве пакуль няма.

Як паведамлялася раней, афіцыйную Варшаву на цырымоніі будзе прадстаўляць кіраўнік Адміністрацыі прэзідэнта Польшчы Кшыштаф Шчэрскі. У прэзідэнта Анджэя Дуды няма магчымасці прыехаць у Мінск, растлумачыў кіраўнік польскага пасольства.

З 31 мая грамадскія актывісты штодня праводзяць акцыі супраць адкрыцця каля ўрочышча Курапаты пад Мінскам забаўляльнага комплексу з рэстаранам "Паедзем паядзім". Нягледзячы на гэта, рэстаран адкрыўся, але наведвальнікаў там практычна няма — абаронцы Курапатаў блакуюць уезд машын на тэрыторыю комплексу, пераконваюць людзей не наведваць установу, пабудаваную каля месца масавых расстрэлаў ахвяр сталінскіх рэпрэсій. Кампанію супраць працы рэстарана "Паедзем паядзім" каля месца масавых расстрэлаў у 1930-я гады падтрымалі многія вядомыя людзі.

18 чэрвеня прадстаўнікі беларускай дэмакратычнай грамадскасці звярнуліся да прэзідэнтаў Польшчы, Германіі, Аўстрыі і Ізраіля з адкрытым лістом, у якім утрымлівалася просьба паўплываць на сітуацыю ў Курапатах. Яны таксама заклікалі замежных палітыкаў, якія будуць удзельнічаць у цырымоніі адкрыцця мемарыяла ў Трасцянцы, уключыць у праграму сваіх візітаў наведванне Курапатаў.

Аляксей Аляксандраў, БелаПАН
Мінск, 28 чэрвеня 2018

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/8-0/39/44016
Текущая дата: 27.12.2024