Гэты канфлікт спарадзілі заявы прэм’ера Вугоршчыны Віктара Орбана, а таксама прызначэньне афіцыйным Будапэштам Іштвана Грэжы на пасаду ўрадавага ўпаўнаважанага па пытаньнях разьвіцьця Закарпацьця, а таксама адказным за праграму разьвіцьця вугорcкамоўных дзіцячых садоў у Закарпацьці.
28 ліпеня Віктар Орбан падчас візыту ў Румынію заявіў:
«Украінцы хочуць вырвацца з расейскай зоны ўплыву, хочуць наблізіцца да NATO і ЭЗ і, магчыма, нават далучыцца да іх — і будаваць сучасную Ўкраіну. Але я не прадбачу іх сяброўства ў NATO, і пэрспэктывы іх сяброўства ў ЭЗ — практычна нулявыя».
У сваёй прамове ён таксама станоўча ацаніў палітыку ўраду па спрошчаным прадастаўленьні вугорскага грамадзянства этнічным вугорцам, жыхарам суседніх з Вугоршчынай краінаў. Гэтая палітыка праводзіцца ня толькі ва Ўкраіне, але і ў Румыніі, Славаччыне, Сэрбіі і Харватыі.
«Ужо мільён чалавек сярод жыхароў Карпацкага басэйну сталі новым грамадзянамі Вугоршчыны» — паведаміў ён.
Таксама Орбан скрытыкаваў палітыку Эўразьвязу адносна Расеі.
«Сёньня Эўразьвяз праводзіць прымітыўную палітыку ў дачыненьні да Расеі. Так, існуюць краіны ЭЗ, якія сапраўды маюць усе падставы адчуваць пагрозу сваёй бясьпецы. Гэта — краіны Балтыі і Польшча. Іх пачуцьці апраўданыя як геаграфічна, так і гістарычна. Але відавочна, што Вугоршчына не адчувае такой пагрозы, Славаччына, Чэхія, Заходняя Эўропа таксама яе не адчуваюць» — тлумачыў вугорскі прэмʼер.
Ён прапанаваў даць дадатковыя гарантыі бясьпекі для Польшчы і краінаў Балтыі, а астатняй Эўропе даць магчымасьць «гандляваць, будаваць эканамічнае супрацоўніцтва, ствараць сумесныя сыравінныя, энэргетычныя, гандлёвыя праекты, атрымаўшы магчымасьці для эканамічнага разьвіцьця».
Другой нагодай для дыпляматычнага канфлікту стала ўтварэньне ў Вугоршчыне пасады ўрадавага ўпаўнаважанага па пытаньнях разьвіцьця Закарпацьця і прызначэньне на гэтую пасаду Іштвана Грэжы.
У Кіеве запатрабавалі тлумачэньняў ад вугорскага боку, у МЗС Украіны палічылі, што ў сфэру кампэтэнцыі гэтага ўпаўнаважанага аднесеная частка сувэрэннай тэрыторыі Ўкраіны.
Іштван Грэжа з 2016 году да 1 ліпеня бягучага году займаў пасаду ўрадавага камісара, адказнага за супрацоўніцтва паміж памежным рэгіёнам Вучоршчыны і Закарпацкай вобласьцю Ўкраіны.
За гэты час ён і яго супрацоўнікі, уключаючы два консульствы Вугоршчыны ў Закарпацьці, рэалізавалі некалькі амбіцыйных праектаў у Закарпацкай вобласьці. Сярод іх — арганізацыя масавых курсаў вугорскай мовы, праграмы падтрымкі украінскіх вугорамоўных прадпрымальнікаў, а таксама аказаньне гуманітарнай дапамогі, перш за ўсё мэдыкамэнтаў.
2 жніўня, выступаючы ў Берагавым перад шматлюдным сходам шматдзетных вугорскіх семʼяў у ролі ўпаўнаважанага, ён заявіў, што Закарпацьце можа стаць мостам паміж Украінай і Эўрапейскім Зьвязам.
Грэжа разглядае сваю місію праз прызму адносін паміж вугорскім урадам, этнічнымі вугорцамі ў Закарпацьці і мясцовымі ўкраінскімі суполкамі. Нягледзячы на пагаршэньне стасункаў паміж Будапэштам і Кіевам, Вугоршчына, паводле яго слоў, будзе працягваць палітыку дружалюбных жэстаў, якой хоча падтрымліваць насельніцтва Закарпацьця.
«Я б радаваўся таму, калі б прорву, якую ўкраінская палітыка ўсё больш паглыбляе паміж Ужгарадам і Кіевам, зьнікла. Бо наша мэта ніколі не была ў тым, у чым нас несправядліва абвінавачваюць, ніколі нашай мэтай не было разьдзьмуваньне сэпаратысцкіх настрояў у Закарпацьці. На самай справе мы радаваліся б, калі б заходняя вобласьць Украіны стала мостам у Эўразьвяз, куды Украіна, як яна дэкляруе, імкнецца» — адзначыў Грэжа.
Заява Іштвана Грэжы супала з вызавам у МЗС Украіны часовага павераны ў справах Вугоршчыны Ласла Папы. Дыплямату ўручылі афіцыйную ноту і выказалі рашучы пратэст наконт шэрагу недружалюбных крокаў з боку афіцыйнага Будапэшта ў дачыненьні да Ўкраіны.
У той жа дзень у вугорскім друку зьявіўся афіцыйны адказ прадстаўніка кабінэту міністраў Вугоршчыны. У ім прадстаўнік ураду Томаш Мэнцар падкрэсьліў, што Ўкраіна «праз свае памылкі» ня можа наблізіцца да Эўразьвязу і NATO. Паводле яго слоў, прэмʼер Віктар Орбан «гаварыў аб рэаліях» у сваёй прамове 28 ліпеня, і што таму Ўкраіна ня можа папракаць Вугоршчыну.
Ён таксама адзначыў, што не Будапэшт, а хутчэй Кіеў учыніў «недружалюбныя крокі» ў дачыненьні да Вугоршчыны. Прадстаўнік вугорскага ўраду прыгадаў, у прыватнасьці, новы адукацыйны закон, які, паводле яго слоў, абмяжоўвае моўныя правы нацыянальных меншасьцяў. Аднак Томаш Мэнцар у сваім камэнтары ні слова не сказаў пра сытуацыю вакол прызначэньня новага ўпаўнаважанага ўраду Іштвана Грэжы.
Украінскі бок не выключае магчымасьці жорсткага рэагаваньня на прызначэньне вугорскага ўпаўнаважанага, калі Будапэшт не прадставіць вычарпальнага тлумачэньні аб мэтазгоднасьці ўтварэньня такой пасады. Афіцыйны Кіеў узважвае магчымасьць забароны ўезду на тэрыторыю Ўкраіны для Іштвана Грэжы.
Радыё Свабода, 6 жніўня 2018
Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/8-0/39/44479
Текущая дата: 27.12.2024