10 ліпеня ў Мінску адкрылася аддзяленне пасольства Нідэрландаў (пасольства размешчанае ў Варшаве). На цырымонію адкрыцця ў Беларусь прыбыла намеснік міністра замежных спраў Нідэрландаў Ёхана Брант.
У сваім выступе яна выказала падзяку беларускаму боку "за магчымасць гаварыць у Мінску — цудоўным горадзе і гістарычным скрыжаванні Еўропы".
Брант адзначыла, што за апошнія 25 гадоў Беларусь і Нідэрланды "дасягнулі пэўнага прагрэсу, але ў іх адносінах заставаліся складанасці". "Тым не менш нам заўсёды ўдавалася канструктыўна супрацоўнічаць ва ўсталяванні адносін у інтарэсах грамадзян нашых краін", — падкрэсліла дыпламат.
Яна выказала надзею, што адкрыццё аддзялення пасольства Нідэрландаў у Мінску дапаможа стварыць "лепшую будучыню для грамадзян дзвюх краін".
У сваю чаргу міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей заявіў, што адкрыццё аддзялення пасольства Нідэрландаў у Мінску "пачынае новую гісторыю ў адносінах дзвюх краін". "Гэта дапаможа нам даведвацца пра падзеі ў краінах з першых вуснаў", — сказаў ён.
Паводле слоў Макея, Беларусь і Нідэрланды працягнуць актыўны палітычны дыялог, а таксама будуць развіваць гандлёва-эканамічныя адносіны.
Міністр таксама паведаміў, што на сённяшні дзень у Беларусі адкрыта прыблізна 60 дыпламатычных устаноў розных краін. І беларускі бок гатовы працягваць працу ў гэтым кірунку, дадаў ён.
Аддзяленне пасольства Нідэрландаў размяшчаецца на вуліцы Мяснікова, 70.
Дыпламатычныя адносіны паміж Рэспублікай Беларусь і Каралеўствам Нідэрландаў былі ўстаноўленыя 24 сакавіка 1992 года. У ліпені 1993-га ў Гаазе адкрылася генеральнае консульства Беларусі, якое праз тры гады было пераўтворанае ў пасольства.
У Беларусі па сумяшчальніцтве акрэдытаваны пасол Нідэрландаў у Рэспубліцы Польшча.
Паводле інфармацыі МЗС, рашэнне аб адкрыцці ў Мінску дыппрадстаўніцтва Нідэрландаў было прынятае ў маі 2015 года.
БелаПАН
Мінск, 10 ліпеня 2017
Мінск, 10 ліпеня 2017
Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/8-0/45/39951
Текущая дата: 28.12.2024