Пра гэта паведамляе прэс-служба МЗС Літвы
Лёгкаматорны самалёт, які заляцеў у Беларусь з Літвы, быў пад пастаянным кантролем. Пра гэта гаворыцца ў ноце ў адказ, якую паслу Беларусі Аляксандру Каралю ўручыў 3 мая намеснік міністра замежных спраў Літвы Дарус Скусявічус.
У ноце адзначаецца, што самалёт з рэгістрацыйным нумарам ЕС N600 на працягу ўсяго палёту сумесна кантраляваўся службамі грамадзянскай авіяцыі і ўзброеных сіл Беларусі і Літвы. Самалёт быў хутка вернуты ў літоўскую паветраную прастору. Па факце гэтага інцыдэнту кампетэнтныя органы Літвы праводзяць расследаванне.
Падчас сустрэчы з беларускім паслом прадстаўнік МЗС Літвы таксама падняў тэму будаўніцтва Беларускай АЭС. Скусявічус зазначыў, што пытанні Літвы пра бяспеку АЭС і яе неспрыяльнае ўздзеянне на навакольнае асяроддзе дагэтуль застаюцца без адказу.
Скусявічус заклікаў Беларусь спыніць будаўніцтва атамнай станцыі і з дапамогай міжнародных экспертаў старанна перагледзець праект.
Як паведамлялася раней, беларускія ваенныя зафіксавалі парушэнне мяжы 19 красавіка ў 13.40. Самалёт з боку Літвы паглыбіўся на беларускую тэрыторыю на восем кіламетраў, а праз тры хвіліны павярнуўся і пакінуў паветраную прастору Беларусі.
Намеснік дырэктара Адміністрацыі грамадзянскай авіяцыі Альвідас Шумскас паведаміў, што P46T пілатаваў грамадзянін Даніі. З ім ляцеў літовец, якія планаваў купіць самалёт.
У сувязі з інцыдэнтам МЗС Беларусі 22 красавіка ўручыла ноту пратэсту паслу Літвы. У той жа дзень камандуючы ВПС і войскамі СПА Беларусі генерал-маёр Алег Двігалёў заявіў, што парушэнне адбылося паблізу будоўлі беларускай атамнай станцыі.
Нягледзячы на добрасуседскія адносіны з Літоўскай Рэспублікай, "хацелася б, каб Літва разумела важнасць выканання пагадненняў, выконвала міжнароднае заканадаўства, не дапускала такіх парушэнняў са свайго боку", падкрэсліў камандуючы.
"Ваенна-паветраныя сілы і войскі СПА, калі такія выпадкі будуць паўтарацца, будуць вымушаныя ўжыць і сілавыя меры ўздзеяння", — папярэдзіў Двігалёў.
Таццяна Каравянкова, БелаПАН
Мінск, 3 мая 2017
Мінск, 3 мая 2017
Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/8-0/46/39224
Текущая дата: 28.12.2024