Белорусский портал в Казахстане

Выстаўка старых фатаграфій Мінска і імгненняў Першай сусветнай вайны адкрылася ў МЗС



У Міністэрстве замежных спраў Беларусі адкрылася выстаўка старых паштовак і фатаграфій з калекцыі беларускага гісторыка і калекцыянера Уладзіміра Ліхадзедава "Мінск. Падарожжа ў часе", "Імгненні Першай сусветнай вайны".

Як расказаў Уладзімір Ліхадзедаў, выстаўка "Мінск. Падарожжа ў часе" прысвечана 70-годдзю вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Тут дэманструюцца здымкі Мінска канца XIX - пачатку XX стагоддзяў, часоў Вялікай Айчыннай вайны і сучаснага горада. Задума аўтара - паказаць краявіды Мінска, знятыя ў розны час рознымі фатографамі, але прыкладна з аднаго і таго ж пункта.

Выстаўкай "Імгненні Першай сусветнай вайны" Уладзімір Ліхадзедаў хацеў паказаць малавядомыя эпізоды таго часу. Экспазіцыя дае магчымасць убачыць падзеі Першай сусветнай вайны вачыма яе непасрэдных удзельнікаў - ваенных фатографаў нямецкай і рускай армій. Фатаграфіі адюстроўваюць іх погляд на адну і туж падзею, прычым не толькі баявыя дзеянні, але і, напрыклад, святкаванне каляд. Выстаўка прысвечана 100-годдзю пачатку Першай сусветнай вайны.

Больш як 30 тыс. старых паштовак і фатаграфій пакладзены ў аснову аўтарскага праекта Уладзіміра Ліхадзедава "У пошуках страчанага". Як адзначыла на адкрыцці выстаўкі міністр інфармацыі Лілія Ананіч, праект мае 10-гадовую гісторыю. Пачаты на старонках газеты "Советская Белоруссия", ён знайшоў увасабленне ў 14 кнігах, якія прэзентаваліся ў бібліятэцы кангрэса ЗША, на кніжных выстаўках Германіі, Літвы, Польшчы.

"Мы ўпэўнены, што праект будзе мець доўгае творчае жыццё, таму што на кожнай фатаграфіі адлюстравана гісторыя ў асобах, падзеях, гісторыя Беларусі, пераплеценая з гісторыяй іншых краін і народаў. Мы ў Беларусі беражліва захоўваем гэту гісторыю, шануем памяць кожнага загінуўшага салдата любой краіны. Гэта гістарычная памяць - важны складальнік выхавання і духоўна-маральнага развіцця маладога пакалення", - лічыць мністр.

Лілія Ананіч выказала надзею, што выстаўка са сцен МЗС накіруецца ў вялікае міжнароднае падарожжа і паслужыць умацаванню гуманітарнага супрацоўніцтва, больш глыбокаму пазнанню краін і народаў. "Таму што вельмі важна знайсці сувязь часоў, якая ўсім нам нагадала б: толькі разам мы можам будаваць прыгожую, мірную, цудоўную будучыню для цяперашняга і будучага пакаленняў нашай планеты", - сказала міністр.

Пазней выстаўка будзе экспанавацца на Дні беларускага пісьменства ў Заслаўі, а таксама ва ўсіх рэгіёнах краіны. Яна арганізавана пры падтрымцы МЗС і Міністэрства інфармацыі Беларусі.

18 ліпеня 2014, Мінск
Таццяна Паляжай - БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/8-0/71/26685
Текущая дата: 06.10.2024