Белорусский портал в Казахстане

Пасол Булегенаў: Усё тое, што Беларусь захавала і чым ганарыцца, гэтыя прадпрыемствы сёння прадстаўлены і ў Казахстане



"Адносіны паміж Казахстанам і Беларуссю выйшлі на ўзровень стратэгічнага партнёрства", — заявіў пасол Казахстана Ергалі Булегенаў 26 снежня на прэс-канферэнцыі ў Мінску.

"У верасні мы адзначалі 20-годдзе ўстанаўлення дыпламатычных адносін паміж нашымі краінамі. За гэтыя гады нашы адосіны толькі па ўзрастаючай ішлі, а даверлівыя і дружалюбныя адносіны нашых прэзідэнтаў надаюць галоўны імпульс нашаму цеснаму супрацоўніцтву", — сказаў дыпламат.

Булегенаў зазначыў, што ў Казахстане паспяхова працуюць шэраг сумесных праектаў, у тым ліку па зборцы і рамонце "БелАЗаў", па зборцы беларускіх трактароў і сельскагаспадарчай тэхнікі, а таксама па вытворчасці рэнтгенаўскага абсталявання.

"Усё тое, што Беларусь захавала і чым ганарыцца, гэтыя прадпрыемствы прадстаўлены і ў Казахстане, — сказаў ён. — І нашы рэгіёны даюць добрую ацэнку беларускай тэхніцы. Нягледзячы на існуючую канкурэнцыю з расійскай і амерыканскай тэхнікай, магу заявіць, што беларуская тэхніка вельмі якасная, добрая, зроблена належным чынам".

Паводле яго слоў, разглядаюцца магчымасці сумеснага з Беларуссю будаўніцтва ў некаторых рэгіёнах Казахстана малочных заводаў поўнага цыклу, а таксама будаўніцтва аграферм з пастаўкай туды беларускай жывёлы. "У студзені чакаюцца візіты ў Мінск вялікіх дэлегацый на чале з кіраўніцтвам абласцей. Падчас гэтых візітаў будуць абмяркоўвацца гэтыя пытанні. Думаю, што ў наступным годзе ўжо нейкія праекты будуць", — сказаў Булегенаў.

Ён таксама нагадаў, што зараз ідуць перамовы аб арганізацыі пастаўкі на "Магілёўхімвалакно" казахстанскага параксілолу і выпрацоўкі з яго валокнаў. "Гэтыя валокны вельмі запатрабаваныя за мяжой. Думаю, гэта будзе вельмі выгадны праект і для Казахстана, і для Беларусі. Перамовы зараз ідуць. Спадзяюся, што хутка яны паспяхова завершацца", — сказаў дыпламат.

БелаПАН, 26 снежня 2012

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/8-0/89/18584
Текущая дата: 03.07.2024