Польскія спецслужбы пацярпелі няўдачу пры спробе за 100 тыс. еўра завербаваць беларускага дыпламата ў Малдове. Аб гэтым расказалі ў эфіры тэлеканала "Беларусь 1".
Як было заяўлена ў тэлеэфіры, вербаваць дыпламата спрабаваў Марцін Грабовіч - ураджэнец горада Слупск. Пасля заканчэння ўніверсітэта прыняты на службу ў Агенцтва ўнутранай бяспекі Польшчы. Асноўныя напрамкі работы - Расія, Беларусь і Украіна. Далей паступіў на службу ў Агенцтва разведкі Польшчы. Скончыў курсы па баявой падрыхтоўцы ў Ізраілі. Працаваў пад прыкрыццём у МЗС Польшчы па лініі падраздзялення дыпламатычнай бяспекі. Кіраваў рэгіянальнай рэзідэнтурай у Літве і Латвіі. З канца 2021 года да гэтага часу - афіцыйны прадстаўнік Агенцтва разведкі Польшчы ва Украіне. Мае воінскае званне палкоўнік.
Грабовіч прапанаваў беларускаму дыпламату сустрэцца ў адным з рэстаранаў Кішынёва. Там ён паведаміў, што ў яго ёсць падарунак, але ён забыў яго ў гасцініцы. Далей паляк запрасіў дыпламата ў нумар, дзе дастаў з сумкі 100 тыс. еўра купюрамі па 100 еўра. Затым да размовы далучыўся яго калега, які назваўся Паўлам Новакам і таксама прадстаўніком Агенцтва разведкі Польшчы. Сваіх "вярбоўшчыкаў" дыпламат зняў на камеру мабільнага тэлефона.
Як стала вядома, палякі зарэзервавалі нумары ў гасцініцы з панядзелка па пятніцу. Аднак ужо на наступны дзень пасля няўдалай вярбоўкі зніклі пасля абеду. Не здалі нават ключы на рэсэпшэн.
МЗС Беларусі ў сувязі з гэтай сітуацыяй растлумачыла, што ў адрас Польшчы падрыхтавана нота, магчымы і іншыя крокі.
"З пункту гледжання права як унутранага, так і міжнароднага гэта абуральны інцыдэнт. Парушаецца шэраг норм унутранага заканадаўства. Парушаецца шэраг міжнародных правіл. Прама парушаюцца нормы Венскай канвенцыі аб дыпламатычных і консульскіх зносінах. Спроба аказання націску або вярбоўкі дыпламата, паверце, прытым такая нахабная і адкрытая, нават за гранню права, правіл прыстойнасці нармальных цывілізаваных міждзяржаўных зносін. Гэта не можа застацца без рэакцый. З нашага боку падрыхтавана ўжо адпаведная нота ў адрас польскага боку. Лічу, будуць і шэраг іншых крокаў, над якімі мы самым сур`ёзным чынам думаем. Уся адказнасць за наступствы такіх дзеянняў ляжыць на польскім боку", - падкрэсліў прэс-сакратар МЗС Беларусі Анатоль Глаз.
11 снежня 2024, Мінск
БЕЛТА
11 снежня 2024, Мінск
БЕЛТА
Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/8-1/1/76193
Текущая дата: 22.12.2024