Белорусский портал в Казахстане

МЗС бярэ на сябе абавязак распрацаваць новую канцэпцыю знешняй палітыкі Беларусі



Пра гэта ў сваім выступленні на Усебеларускім народным сходзе заявіў міністр замежных спраў Уладзімір Макей. Беларусь, як ён заявіў, варта разглядаць не як мост паміж чымсьці, а як сваю зямлю і свой бераг.

«Мы тут жывём і ведаем, як і куды заўтра весці сваю краіну. Каб унесці больш яснасці, МЗС бярэ на сябе абавязак распрацаваць новую канцэпцыю знешняй палітыкі Рэспублікі Беларусі», — паведаміў Уладзімір Макей.

Міністр прызнаў, што Беларусь сёння знаходзіцца на геапалітычным разломе паміж Усходам і Захадам. У сутыкненні гэтых рознанакіраваных буйных сусветных гульцоў, па яго меркаванні, галоўная прычына ўнутрыпалітычных праблем у краіне.

«Мы працягваем знаходзіцца ў эпіцэнтры сусветных падзеі і інтарэсаў глабальных гульцоў і сёння. Што далей і які выхад? На мой погляд, замацаванае ў Канстытуцыі імкненне Беларусі да нейтралітэту не адпавядае бягучай сітуацыі. У сучасным глабалізаваным свеце, які пранізаны інтэрнацыяналізацыяй, нейтралітэту ў яго класічным разуменні не існуе. Прапануецца ўлічыць дадзены аспект у рабоце над папраўкамі ў асноўны закон нашай краіны», — падкрэсліў Уладзімір Макей.

Ён адзначыў, што Беларусі і далей неабходна падтрымліваць сваю шматвектарную знешнюю палітыку. Але такі курс не выключае перавагу нейкага аднаго кірунку.

«Расія заўсёды была, ёсць і будзе нашым стратэгічным партнёрам, таму ва ўзаемадзеянні з гэтай краінай і дзяржавамі постсавецкай прасторы будзе накіраваны асноўны вектар нашага развіцця. Больш за тое, выкажу, магчыма, крамольную рэч у парадку дыскусіі пра мэтазгоднасць карэкціроўкі экспартнай формулы траціна-траціна-траціна ў сучасных рэаліях. Аб’ектыўна, у знешнеэканамічнай дзейнасці любой дзяржавы краіны-суседкі, і тым больш магутныя, маюць пераважнае значэнне», — сказаў міністр, прапанаваўшы сканцэнтраваць палову экспарту на вектары постсавецкіх краін.

Па яго словах, Беларусь выступае за партнёрства Еўрасаюза і ЕАЭС, што неабходна не толькі з боку развіцця эканомік, але і для мінімізацыі канфліктнага патэнцыялу.

«Мы зыходзім з таго, што не можа быць дамінуючай сілы ні ў рэгіёне, ні ў свеце. У кожнай дзяржавы павінен быць голас і яго павінны чуць», — падкрэсліў кіраўнік галоўнага знешнепалітычнага ведамства.

Аўтар: Марыя Дадалка
Звязда, 11 лютага 2021

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/8-1/14/58301
Текущая дата: 17.11.2024