Белорусский портал в Казахстане

Пытанне забеспячэння міру і бяспекі востра стаіць на парадку дня чалавецтва



Аб гэтым міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей заявіў 27-га верасня ў Нью-Ёрку, выступаючы на агульнай дыскусіі 74-й сесіі Генеральнай асамблеі ААН.

"Памяць аб дзясятках мільёнаў ахвяр Другой сусветнай вайны, зверствах нацыстаў і іх злачыннай палітыцы генацыду дазволіла нам усім дамовіцца аб светапарадку, які ўсё яшчэ дапамагае пазбегнуць новага глабальнага канфлікту. Яго наступствы былі б катастрафічнымі для ўсёй планеты. І, на жаль, мы як ніколі блізкія да гэтай небяспечнай рысы", - сказаў Уладзімір Макей.

Паводле яго слоў, у ліку найбольш актуальных сучасных праблем, якія востра стаяць на парадку дня чалавецтва, знаходзяцца пытанні, звязаныя з забеспячэннем міру і бяспекі, устойлівага развіцця, змяненнем клімату. Менавіта яны, адзначыў міністр, сёння найбольш актыўна ўзнімаюцца на ўсіх міжнародных пляцоўках.

"Па шэрагу выклікаў сусветнай супольнасці - такім як тэрарызм, транснацыянальная злачыннасць, наркатрафік, гандаль людзьмі, нелегальная міграцыя - вядзецца актыўны пошук сумесных рашэнняў. У той жа час шматлікія ўзнікаючыя новыя рызыкі яшчэ чакаюць выпрацоўкі адэкватных і, галоўнае, своечасовых адказаў. Усё больш шырокім становіцца ўсведамленне таго, што магчымасцей любой з дзяржаў паасобку або нават якой-небудзь групы краін ужо недастаткова, каб вырашыць гэтыя праблемы і ўратаваць свет ад катастрофы - ваеннай, эканамічнай, кліматычнай", - падкрэсліў Уладзімір Макей.

Ён звярнуў увагу, што Беларусь належыць да ліку тых дзяржаў, якія лічаць, што ўсе гэтыя глабальныя выклікі патрабуюць эфектыўных сумесных рашэнняў такога ж глабальнага маштабу.

Ключавымі элементамі такога падыходу з`яўляюцца ўдзел у рэалізацыі ўзгодненых мер усіх без выключэння краін - членаў ААН; мабілізацыя даступных палітычных, эканамічных, інтэлектуальных і іншых рэсурсаў; увасабленне ў жыццё ў поўнай меры Арганізацыяй Аб`яднаных Нацый ролі лідара ў аб`яднанні і каардынацыі міжнародных намаганняў.

"На жаль, мы ўсё часцей сутыкаемся з тым, што шматбаковыя механізмы ААН не працуюць або прабуксоўваюць, становячыся заложнікамі прадузятых падыходаў, узаемных прэтэнзій або празмерных амбіцый. Множацца выпадкі прымянення мер, якія падрываюць нормы і прынцыпы міжнароднага права, уключаючы Статут ААН. Гэтыя дзеянні наносяць значную шкоду шматбаковаму падыходу", - падкрэсліў міністр.

27 верасня 2019, Мінск
БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/8-1/19/49986
Текущая дата: 17.11.2024