Белорусский портал в Казахстане

Беларусь і Пакістан правялі ў Ісламабадзе кансультацыі паміж МЗС



Аб гэтым паведамілі ў пасольстве Беларусі ў Пакістане.

Намеснік міністра замежных спраў Беларусі Андрэй Дапкюнас 25-26 лістапада наведаў з рабочым візітам Пакістан, дзе правёў некалькі сустрэч і прыняў удзел у двухбаковых кансультацыях паміж міністэрствамі замежных спраў. 

Андрэй Дапкюнас правёў у Ісламабадзе сустрэчы са спікерам Нацыянальнай асамблеі Парламента Пакістана Асадам Кайсерам і старшынёй групы дружбы з парламентам Беларусі Якубам Шэйхам. 

Бакі адзначылі важнасць выкарыстання патэнцыялу заканадаўчых органаў для пашырэння адносін і ўзаемных інтарэсаў перш за ўсё ў прамысловасці, сельскай гаспадарцы, фармацэўтыцы. На сустрэчах абмяркоўваліся магчымасці правядзення ў 2020 годзе візітаў па лініі кіраўнікоў заканадаўчых органаў, а таксама груп дружбы.

На сустрэчы з першым намеснікам міністра замежных спраў Пакістана Сахейлам Махмудам узгоднены падыходы да развіцця супрацоўніцтва ў палітычнай і гандлёва-эканамічнай сферах, абмеркавана падрыхтоўка двухбаковых мерапрыемстваў і ўзаемных візітаў на розных узроўнях. 

Галоўнай тэмай сустрэчы Андрэя Дапкюнаса з афіцыйным прадстаўніком Беларускай гандлёва-прамысловай палаты ў Пакістане Джурабекам Кіргізбекавым стала інтэнсіфікацыя дзелавой кааперацыі. Бакі абмеркавалі арганізацыю форумных пляцовак і абмен візітамі дзелавых колаў.

Цэнтральным мерапрыемствам стаў чарговы раўнд кансультацый знешнепалітычных ведамстваў Беларусі і Пакістана. Пакістанскі бок на перагаворах узначаліў намеснік міністра па справах Еўропы Аман Рашыд. 

"Дыпламаты абмеркавалі ўзаемадзеянне ў палітычнай і гандлёва-эканамічнай сферах, развіццё дагаворна-прававой базы адносін, навукова-тэхнічных і адукацыйных сувязей, а таксама супрацоўніцтва ў міжнародных арганізацыях. Акрамя таго, субяседнікі абмяняліся звесткамі па асобных пытаннях рэгіянальнай абстаноўкі і міжнароднага парадку дня. Асобная ўвага была ўдзелена пытанням прадаўжэння дыялогу паміж кіраўніцтвам дзвюх краін на вышэйшым узроўні", - расказалі ў беларускай дыпмісіі.

У час знаходжання ў Пакістане Андрэй Дапкюнас перадаў Беларускаму інфармацыйна-культурнаму цэнтру ў Нацыянальнай бібліятэцы Пакістана шматтомнае факсімільнае выданне "Кніжная спадчына Францыска Скарыны". 

Намеснік міністра таксама правёў цырымонію інаўгурацыі ганаровага консула Беларусі ў Лахоры Валіда Муштака.

26 лістапада 2019, Мінск
БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/8-1/19/50704
Текущая дата: 23.12.2024