Белорусский портал в Казахстане

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка плануе ў час візіту ў Нур-Султан для ўдзелу ў саміце ЕАЭС правесці сустрэчу з Прэзідэнтам Казахстана Касым-Жамартам Такаевым і першым кіраўніком гэтай краіны Нурсултанам Назарбаевым



Аб гэтым беларускі лідар заявіў 23 мая на сустрэчы з Надзвычайным і Паўнамоцным Паслом Казахстана ў Беларусі Ермухаметам Ертысбаевым.

"Я думаю, нягледзячы на тое, што ў нас саюзнае мерапрыемства ў рамках ЕАЭС у Нур-Султане, нам удасца і з вашым Прэзідэнтам і з першым Прэзідэнтам Казахстана перагаварыць аб далейшых шляхах нашага супрацоўніцтва", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што вельмі часта бываў у Казахстане і рады сустрэцца з паслом гэтай краіны напярэдадні свайго візіту ў Нур-Султан.

"Я добра ведаю Казахстан: і поўдзень, і цэнтр, і на поўначы мне пашчасціла пабываць. Цудоўная краіна, якая дынамічна развіваецца. Няпростыя працэсы адбываюцца ў палітычнай галіне. Зразумела, прэзідэнцкія выбары, асабліва змена прэзідэнта, заўсёды адпаведным чынам уплываюць на жыццё, на грамадства, нават на эканоміку", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

"Наша сустрэча якраз дарэчы. Думаю, нягледзячы на кароткі прамежак часу, мы зможам асноўныя пытанні акрэсліць", - дадаў Прэзідэнт.

У сваю чаргу Ермухамет Ертысбаеў падкрэсліў, што ў Казахстане з нецярпеннем чакаюць афіцыйнага візіту беларускага лідара ў другой палове бягучага года.

"Хочам замацаваць усё тое, што было дасягнута 29-30 лістапада 2017 года (тады адбыўся афіцыйны візіт Нурсултана Назарбаева ў Беларусь.), вывесці на яшчэ больш высокі якасны ўзровень нашы двухбаковыя адносіны", - сказаў ён.

"Беларусь мае для нас вельмі вялікае значэнне. Звярніце ўвагу, сустаршыня казахстанска-беларускай міжурадавай камісіі папрацаваў і стаў прэм`ер-міністрам (Аскар Мамін.). Касым-Жамарт Такаеў сустрэўся з вамі ў Беларусі - стаў Прэзідэнтам", - з гумарам адзначыў дыпламат.

Пасол таксама выказаў пажаданне аб неабходнасці больш збалансаванага тавараабароту паміж Беларуссю і Казахстанам.

"Хацелі б, вядома, тавараабарот змяніць, таму што ў нас цяпер рэзка адмоўнае сальда - амаль $700 млн. Дарэчы, цяпер практычна ўжо ўсё гатова. Я і з прэм`ер-міністрам Румасам сустракаўся, і з першым віцэ-прэм`ерам Турчыным. Беларусь гатова цяпер купляць нелегіраваную сталь, металічны лом, каляровыя металы", - дадаў дыпламат.

У мінулым годзе тавараабарот паміж Беларуссю і Казахстанам дасягнуў амаль $900 млн, павялічыўшыся на 30 працэнтаў да ўзроўню 2017 года. Пры гэтым беларускі экспарт перасягнуў $783 млн. У першым квартале 2019 года аб`ёмы ўзаемнага гандлю паміж краінамі ўпалі прыкладна на 10 працэнтаў у параўнанні з аналагічным перыядам 2018-га. Тавараабарот склаў $171,5 млн.

Сальда для Беларусі склалася дадатнае - $121,7 млн. У Казахстан пастаўляюцца малако і малочныя прадукты, трактары і седлавыя цягачы, мэбля, грузавыя аўтамабілі, лякарствы, замарожаная ялавічына, цукар, мясныя прадукты. Беларусь імпартуе нафтапрадукты, каменны вугаль, рэйкі, пракат з нелегіраванай сталі, нафтавыя газы, насенне лёну, бавоўнавае валакно, цыбулю, часнок.

Тавараправодная сетка беларускіх прадпрыемстваў у Казахстане ўключае больш за 40 кампаній, створаных з прыцягненнем беларускага капіталу, а таксама больш за 170 суб`ектаў дылерскай сеткі.

Функцыянуюць восем сумесных зборачных вытворчасцей беларускай тэхнікі і абсталявання. У Казахстане працуюць 256 арганізацый з беларускім удзелам, у Беларусі дзейнічаюць 45 прадпрыемстваў з казахстанскім капіталам.

23 мая 2019, Мінск
БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/8-1/22/48145
Текущая дата: 23.12.2024