Белорусский портал в Казахстане

Курс на развіццё стратэгічнага партнёрства з Беларуссю застаецца нязменным



Аб гэтым заявіў пасол Расійскай Федэрацыі ў Мінску Міхаіл Бабіч у інтэрв`ю тэлеканалу RT.

Кажучы пра лёс саюзніцкіх адносін і заявы ў гэтай сувязі прадстаўніка МЗС Расіі Марыі Захаравай, што курс на пашырэнне стратэгічнага ўзаемадзеяння з Мінскам не падлягае сумненню, расійскі дыпламат сказаў: "Марыя Захарава абсалютна мае рацыю. Безумоўна, курс на развіццё стратэгічнага партнёрства, нашых стратэгічных адносін застаецца нязменным. Мы ствараем умовы для таго, каб яны пашыраліся, умацоўваліся, мелі пад сабой рэальную эканамічную аснову. На ёй будуецца ўжо і палітычны саюз".

На пытанне аб "магчымай страце саюзніка на Захадзе ў выпадку адмовы Расіі кампенсаваць Мінску падатковы манеўр у нафтавай галіне", пра што нібыта нядаўна заявіў Аляксандр Лукашэнка, пасол РФ адказаў: "Я не прыхільнік каментаваць тыя сцвярджэнні, якія сам не чуў. Нікога з расіян не было на гэтай нарадзе. Хутчэй за ўсё, гэта выдраная з кантэксту фраза або эмоцыі. На ўсіх нарадах і перамовах, на якіх я прысутнічаў, Аляксандр Рыгоравіч заўсёды выразна выкладаў сваю пазіцыю і яе прытрымліваўся, што Расія і Беларусь — удзельнікі саюзнай дзяржавы. Мінск мае намер і ў далейшым рабіць усё для яе ўмацавання".

Ён таксама адзначыў, што за 20 гадоў існавання Саюзнай дзяржавы "было зроблена вельмі шмат". "Сфарміравана вертыкаль кіравання — Вышэйшы дзяржсавет, Савет міністраў, група высокага ўзроўню, на якіх прымаюцца ўсе неабходныя рашэнні ў эканамічнай, палітычнай сферах, у галіне абароны і бяспекі і гэтак далей. Год ад года расце тавараабарот. Зараз толькі закрылі 2018 год. Мы зноў выраслі — амаль на 10% ад 2017 года. Гэта значыць, 35,7 млрд долараў — папярэдняя ацэнка нашага ўзаемнага тавараабароту. Больш за 8 тыс. прадпрыемстваў ўцягнутыя ў сістэму ўзаемнай кааперацыі. У сферы паліўна-энергетычнага комплексу інтэграцыя дасягае амаль 90%, а ў машынабудаванні — каля 80%. Вельмі шмат зроблена ў сацыяльнай сферы. Такога няма і, хутчэй за ўсё, доўгі час не будзе ні з адной краінай".

Дыпламат лічыць, што "сёння надыходзіць новы этап развіцця нашых адносін". "Мы абмяркоўваем пытанні актуалізацыі Саюзнага дагавора. Рэалізацыя яго палажэнняў, як і стварэнне адпаведных органаў кіравання, якія будуць адказваць за наднацыянальны ўзровень кіравання, правасуб`ектнасці Саюзнай дзяржавы, дасць магчымасць яшчэ глыбей інтэграваць нашы эканомікі і, самае галоўнае, павысіць нашы эканамічныя магчымасці".

Каментуючы першыя вынікі сваёй працы ў Беларусі (з верасня 2018 года), пасол РФ адзначыў, што "ўдалося сістэматызаваць усе нашы праблемныя пытанні ў сферы сацыяльна-эканамічнага супрацоўніцтва — у прамысловасці, аграпрамысловай сферы, эканоміцы, фінансах, у галіне абмежавальных бар`ераў і г.д.". "Асобную ўвагу мы надалі палажэнням Саюзнага дагавора. Ёсць разуменне па кожнай пазіцыі, як можна рухацца", — дадаў Бабіч.

"У нас значна ўзрасла колькасць кантактаў са службовымі асобамі з органаў улады Беларусі, грамадскімі дзеячамі, прадстаўнікамі грамадзянскай супольнасці, прафесійнай сферы. З задавальненнем вывучаю традыцыі, гісторыю, культуру, славутасці, помнікі", — сказаў дыпламат.

Андрэй Серада, БелаПАН
Мінск, 10 лютага 2019

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/8-1/23/46803
Текущая дата: 23.12.2024