Белорусский портал в Казахстане

Пасол Украіны ўпэўнены ў дынамічным развіцці эканамічных сувязей з Беларуссю



Аб гэтым Ігар Кізім заявіў 12 верасня, выступаючы на мерапрыемстве з нагоды 27-й гадавіны незалежнасці Украіны.

Дыпламат адзначыў, што паміж Беларуссю і Украінай ідзе актыўны дыялог на ўрадавым і міжрэгіянальным узроўнях. На яго думку, для краін няма іншага выбару, акрамя як і далей развіваць супрацоўніцтва.

Цяпер беларуска-ўкраінскі тавараабарот дасягнуў высокіх паказчыкаў: у мінулым годзе ён склаў каля $4,5 млрд, а ў першым паўгоддзі бягучага года - $2,4 млрд (прырост склаў 15 працэнтаў).

Ва Украіне паспяхова дзейнічае сумесная зборачная вытворчасць МТЗ, "Гомсельмаша", МАЗа. Акрамя таго, актыўна развіваюцца культурныя кантакты паміж дзвюма дзяржавамі, сведчаннем чаго стала правядзенне гэтым летам дзён украінскай культуры ў Беларусі.

У сваю чаргу першы намеснік міністра замежных спраў Беларусі Андрэй Еўдачэнка звярнуў увагу на значнасць маючага адбыцца ў Гомелі першага Форуму рэгіёнаў Беларусі і Украіны.

Ён лічыць, што ў дзвюх дзяржаў ёсць вялікі незадзейнічаны патэнцыял супрацоўніцтва. Як перакананы Андрэй Еўдачэнка, правядзенне гэтага маштабнага форуму дасць старт новым эканамічным праектам.

Першы намеснік міністра падкрэсліў, што важным для развіцця беларуска-ўкраінскіх адносін з`яўляецца дыялог паміж прэзідэнтамі дзвюх краін. "Мы з аптымізмам глядзім у будучае развіцця адносін Беларусі і Украіны", - сказаў ён.

13 верасня 2018, Мінск
Аліна Грышкевіч - БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/8-1/24/44917
Текущая дата: 24.12.2024