Белорусский портал в Казахстане

Аляксандр Лукашэнка ў кастрычніку плануе наведаць Пакістан, дзе правядзе перамовы з прэм`ер-міністрам гэтай краіны Навазам Шарыфам



Аб гэтым паведамляе прэс-служба Прэзідэнта.

Пра гэта Прэзідэнт паведаміў 25 жніўня ў Мінску на сустрэчы з дзяржаўным міністрам па замежных справах, спецыяльным памочнікам прэм`ер-міністра Пакістана Саідам Тарыкам Фацемі, 

"Мне прыемна сустракаць вас, прадстаўніка майго добрага сябра. Я вельмі рад, што мы ў свой час не проста пазнаёміліся з Навазам Шарыфам, але нас звязваюць вельмі добрыя, цесныя адносіны. У нас няма ніякіх асабістых рознагалоссяў. Пры абмеркаванні многіх пытанняў — палітычных, эканамічных — у нас таксама поўнае супадзенне пунктаў гледжання. Мы заклалі з ім падмурак на будучыню адносінаў паміж Пакістанам і Беларуссю", — адзначыў Лукашэнка.

Ён падкрэсліў, што ў Беларусі "ганарацца дружалюбнымі адносінамі з такой магутнай і ўплывовай дзяржавай, як Пакістан". "Для мяне ў Пакістане няма чужых, не сваіх пытанняў. Мы перажываем за тое, якое становішча ў Пакістане, як вы развіваецеся. Гэтак жа Наваз Шарыф мне гаварыў, што для яго Беларусь неабыякавая", — сказаў беларускі кіраўнік. "З ім мы сустрэнемся ў кастрычніку", — заявіў ён, адзначыўшы, што гэта сустрэча "павінна быць глыбокай", на ёй плануецца прапрацаваць многія пытанні, у тым ліку на перспектыву.

"Мы хацелі б, і Наваз мне пра гэта казаў, каб пад нашы палітычныя, асабістыя адносіны была падведзена магутная гандлёва-эканамічная база. Мы узаемадапаўняльныя дзяржавы. Трэба наладзіць гэты мост эканамічнага супрацоўніцтва. І гэта галоўнае на перспектыву", — сказаў Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы таксама звярнуў увагу на неабходнасць абмеркаваць адносіны Пакістана і Беларусі з трэцімі краінамі. "Напрыклад, з КНР у вас бліскучыя адносіны і ў нас. З Расіяй. У вас з імі добрыя адносіны, у нас наогул выдатныя. Тут таксама можна атрымаць вялікія выгады і прынесці карысць гэтым дзяржавам у тым ліку", — лічыць ён.

Як адзначыла прэс-служба, у сваю чаргу Саід Тарык Фацемі "вельмі цёпла вітаў" Аляксандра Лукашэнку. Суразмоўцы гаварылі без перакладчыка, на рускай мове. "Ваш візіт будзе важнай гістарычнай падзеяй у нашых адносінах. Мы ўпэўненыя, што ён дапаможа вывесці іх на яшчэ больш высокі ўзровень", — сказаў Фацемі.

Марына Носава, БелаПАН
Мінск, 25 жніўня 2016

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/8-1/29/36690
Текущая дата: 29.09.2024