Белорусский портал в Казахстане

Меркаванні аб тым, што Расія можа напасці на Беларусь, з`яўляюцца абсалютнымі домысламі



Пра гэта заявіў міністр замежных спраў Уладзімір Макей у інтэрв`ю польскай газеце "Рэч Паспаліта".

Стэнаграма інтэрв`ю апублікавана 17 кастрычніка на сайце МЗС.

"Я разумею вашу падаплёку, што, маўляў, Расія напала на Украіну і, можа быць, калі Беларусь не спадабаецца, і на Беларусь захоча напасці. Гэта, я лічу, абсалютныя домыслы, такога ніколі, думаю, не будзе. І ў Расіі пра такое не разважаюць, — лічыць Макей. — Для Беларусі было б дзіка, таму што мы настолькі пераплеценыя чыста чалавечымі сувязямі, што мы адчуваем сябе сапраўды адзіным народам. У нас створаны аднолькавыя ўмовы для расіян у Беларусі і беларусаў у Расіі. У гэтым плане мы не адчуваем сябе чужымі ў Расіі, а расіяне не адчуваюць сябе чужымі ў нас. Таму, нават зыходзячы з чыста звычайнага разумення на такім простым чалавечым узроўні, я адназначна перакананы, што такія ідэі можна назваць вар`яцкімі".

Пры гэтым Макей адзначыў, што любая дзяржава для сваёй абароны павінна мець моцную армію, таму ў Беларусі надаецца вялікая ўвага павышэнню ўзроўню боегатоўнасці Узброеных сіл.

"У нас невялікая армія. Мы не збіраемся ваяваць ці супрацьстаяць нейкім глабальным, сусветным дзяржавам. Вядома, мы не зможам ваяваць з арміяй ЗША, ці Кітая, або кагосьці іншага. У нас і ў планах гэтага няма, — сказаў дыпламат. — У нас толькі абарончая стратэгія. Мы стараемся, як я ўжо сказаў, падтрымліваць узровень баяздольнасці Узброеных сіл".

Макей таксама заявіў: "Што датычыцца ў прынцыпе разважання пра тое, хто нападзе на Беларусь, то я не думаю, што нехта, ва ўсякім выпадку цяпер, мае нейкія агрэсіўныя планы ў дачыненні да Беларусі — ні на Захадзе, ні на Усходзе, ні на Поўначы, ні на Поўдні".

Таццяна Каравянкова, БелаПАН
Мінск, 17 кастрычніка 2016

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/8-1/29/37298
Текущая дата: 17.11.2024