Белорусский портал в Казахстане

Украіна не лічыць неабходнай дапамогу Беларусі ў арганізацыі выбараў на Данбасе



Аб гэтым заявіў украінскі міністр замежных спраў Павел Клімкін па выніках сустрэчы кіраўнікоў МЗС "нармандскай чацвёркі" ў Мінску.

Ён адзначыў, што Беларусь з`яўляецца членам АБСЕ і прызнае прынцыпы і стандарты гэтай арганізацыі. Пры гэтым Клімкін указаў, што дапамогу ў арганізацыі выбараў і назірання за імі аказвае Бюро па дэмакратычных інстытутах і правах чалавека АБСЕ. Менавіта з гэтым механізмам Беларусь пагадзілася як член арганізацыі.

У сваю чаргу віцэ-спікер Вярхоўнай Рады Украіны Ірына Герашчанка заявіла, што краіна ў стане самастойна правесці выбары на сваёй тэрыторыі ў любым рэгіёне. Яна таксама падкрэсліла, што ў пытанне правядзення выбараў ва Украіне не павінен умешвацца і расійскі бок накшталт таго, як ён гэта рабіў у Крыме.

"Дапамога ў правядзенні выбараў нам не патрэбна, — сказала Герашчанка. — Нам патрэбна дапамога ў націску на Расію, каб яна пайшла з украінскай тэрыторыі".

Гэта пытанне было ўзнята пасля таго, як на прэс-канферэнцыі для расійскіх журналістаў 17 лістапада Лукашэнка заявіў наконт Данбаса: "...Мы гатовыя любую ролю там сыграць... Калі вы хочаце, каб мы там правялі выбары, прытым сумленна, абсалютна сумленна — мясцовыя выбары, пра якія столькі кажуць, — мы гатовыя гэта арганізаваць. Калі вы хочаце, каб гэтыя 400 кіламетраў межаў паміж Данбасам і Расіяй, паміж Украінай і Расіяй на гэтым этапе трэба закрыць, навесці парадак, — калі ласка, мы гэта зробім. Калі вы гэтага хочаце".

У цэлым, па прызнанні ўдзельнікаў сённяшняй сустрэчы, кіраўнікоў МЗС "нармандскай чацвёркі", на перамовах у Мінску, якія доўжыліся каля чатырох гадзін, якіх-небудзь прарываў дасягнута не было. "Мінскія дамоўленасці буксуюць, нават не атрымліваецца ўзгадніць паслядоўнасць захадаў, — сказаў кіраўнік МЗС Расіі Сяргей Лаўроў. — Паслядоўнасць захадаў у сферы бяспекі і палітычных рэформаў пакуль ўзгадніць не ўдаецца".

Бакі дамовіліся, што будзе працягнута работа як у "нармандскім фармаце", на ўзроўні экспертаў, юрыстаў, ваенных экспертаў, дыпламатычных прадстаўнікоў, так і ў кантактнай групе і яе падгрупах.

Перамовы па ўрэгуляванні сітуацыі ва Украіне ў такім фармаце праводзяцца ў беларускай сталіцы ўпершыню. Сустрэча "нармандскай чацвёркі" ў Мінску ўжо была, у лютым 2015 года, але тады яна праходзіла на ўзроўні кіраўнікоў дзяржаў.

Пачатак перамоўнага працэсу ў фармаце "нармандскай чацвёркі" быў пакладзены 6 чэрвеня 2014 года падчас сустрэчы лідараў еўрапейскіх краін і ЗША ў Нармандыі, дзе праходзілі ўрачыстасці з нагоды 70-годдзя адкрыцця другога фронту Другой сусветнай вайны. Тады новаабраны прэзідэнт Украіны Пётр Парашэнка і яго расійскі калега Уладзімір Пуцін дамовіліся аб візіце ў Кіеў прадстаўніка Расіі для правядзення перамоў па мірным урэгуляванні сітуацыі на ўсходзе Украіны.

Для вядзення рэгулярных мірных перамоў па Украіне на ўзроўні экспертаў быў абраны Мінск. Першае пасяджэнне трохбаковай (Украіна, Расія, АБСЕ) кантактнай групы ў Мінску адбылося 31 ліпеня 2014 года.

Таццяна Каравянкова, БелаПАН
Мінск, 29 лістапада 2016

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/8-1/29/37793
Текущая дата: 24.12.2024