Белорусский портал в Казахстане

Мінск стаў сімвалам дыялогу ў самыя складаныя часы



Аб гэтым заявіў намеснік Генеральнага сакратара ААН - выканаўчы сакратар Еўрапейскай эканамічнай камісіі ААН Крысціян Фрыіс Бах 27 кастрычніка на сустрэчы з Прэзідэнтам Беларусі Аляксандрам Лукашэнкам.

Ён падкрэсліў важнасць правядзення ў Мінску гэтай канферэнцыі ЕЭК ААН: "Мы сёння тут спрабуем выбудаваць дыялог на ўзаемавыгадных умовах, гаворым аб "інтэграцыі інтэграцый". Наш вопыт ярка дэманструе, што цяпер не час будаваць межы, сцены, а трэба наладжваць адкрыты, даверны дыялог".

Кіраўнік ЕЭК падзякаваў Аляксандру Лукашэнку за ініцыятыву Беларусі па пашырэнні ідэі дыялогу і камунікацый ва ўсім свеце.

"Гэта канферэнцыя з`яўляецца першым, але вельмі важным крокам на шляху будучай усёабдымнай інтэграцыі. Мы спадзяёмся, што ў далейшым для ўсіх зацікаўленых краін гэта маленькая кропля ператворыцца ў раку, якая дасць узаемавыгадныя вынікі", - сказаў ён.
__________________________________________

ЕЭК ААН - адна з пяці рэгіянальных эканамічных камісій ААН. Створана ў сакавіку 1947 года, штаб-кватэра размешчана ў Жэневе (Швейцарыя). У склад ЕЭК уваходзяць 56 дзяржаў, уключаючы краіны Еўропы, ЗША, Канаду, Ізраіль і ўсе постсавецкія дзяржавы. Беларусь з`яўляецца паўнапраўным членам ЕЭК ААН з моманту яе стварэння. Узаемадзеянне з камісіяй курыруе Міністэрства эканомікі. Штогод у мерапрыемствах камісіі ўдзельнічаюць да 70 беларускіх дэлегацый. Прыярытэтамі супрацоўніцтва з ЕЭК ААН з`яўляюцца спрашчэнне гандлю, транспарт, энергетыка, інавацыі, экалогія.

27 кастрычніка 2016, Мінск
Аліна Грышкевіч - БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/8-1/30/37428
Текущая дата: 25.12.2024