Белорусский портал в Казахстане

Ізраіль плануе захаваць дыппрадстаўніцтва ў Беларусі



Гэту інфармацыю пацвердзіла часовы павераны ў справах пасольства Ізраіля ў Беларусі Юлія Рачынскі-Співакоў.

"Учора было выказванне міністра абсорбцыі Ізраіля Зеэва Элькіна аб тым, што ў яго была сустрэча з прэм`ер-міністрам, і ён (прэм`ер-міністр Біньямін Нетаньяху.) паведаміў яму аб сваім рашэнні не закрываць пасольства (Ізраіля ў Беларусі). Гэта афіцыйна было агучана. Аб гэтым мы ведаем", - заявіла Юлія Рачынскі-Співакоў.

"Канкрэтных указанняў з МЗС Ізраіля пасольству пакуль не паступіла. І мы яшчэ афіцыйна не праінфармавалі аб гэтым нашых беларускіх калег, што звычайна адбываецца. Але заява ёсць. Таму мы аптымістычна настроены", - дадала часовы павераны ў справах пасольства Ізраіля ў Беларусі.

Аб рашэнні ізраільскага боку закрыць пасольства ў Беларусі стала вядома ў пачатку студзеня бягучага года. Міністэрства замежных спраў Беларусі тады ж заявіла аб намеры, кіруючыся прынцыпам узаемнасці, прыняць комплекс мер па завяршэнні дзейнасці сваёй дыпламатычнай місіі ў Тэль-Авіве.

Адначасова ў афіцыйнай заяве беларускага МЗС падкрэслівалася, што падтрыманне адносін на ўзроўні пасольстваў - аб`ектыўная неабходнасць, паколькі краіны звязваюць лёсы дзясяткаў тысяч людзей, а таксама з улікам пазітыўнай дынамікі двухбаковых адносін у розных сферах.

10 сакавіка 2016, Мінск
БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/8-1/32/34650
Текущая дата: 25.12.2024