Аб гэтым паведамілі ў прэс-службе МЗС.
Першы намеснік міністра замежных спраў Беларусі Аляксандр Міхневіч на закрыцці сесіі Трэцяй канферэнцыі па разглядзе выканання Дагавора па адкрытым небе (ДАН), якая прайшла ў Вене пад старшынствам Беларусі, заклікаў дзяржавы-члены забяспечыць поўную імплементацыю Дагавора ў мэтах павышэння яго эфектыўнасці.
На прыкладзе Беларусі Аляксандр Міхневіч праілюстраваў, што нават адносна невялікія еўрапейскія дзяржавы, не маючы значных рэсурсаў "адкрытага неба", могуць уносіць уклад у эфектыўнае ажыццяўленне ДАН і атрымліваць выгаду ад удзелу ў гэтым інструменце, адзначылі ў прэс-службе знешнепалітычнага ведамства.
Першы намеснік міністра падкрэсліў, што галоўнымі вынікамі канферэнцыі сталі дэманстрацыя ўсімі дзяржавамі-членамі прыхільнасці да выканання ДАН і пацвярджэнне імі значнасці Дагавора, які застаецца найважнейшым юрыдычна абавязваючым інструментам, што забяспечвае беспрэцэдэнтны ўзровень транспарэнтнасці на прасторы ад Ванкувера да Уладзівастока. Аляксандр Міхневіч асабліва акцэнтаваў, што паспяховае функцыянаванне Дагавора па адкрытым небе як шматбаковага міжнародна-прававога інструменту залежыць выключна ад калектыўных намаганняў усіх дзяржаў-членаў.
У ходзе агляднай канферэнцыі адбыліся сустрэчы першага намесніка міністра з намеснікам Дзяржаўнага сакратара ЗША Роўз Гетэмюлер, кіраўнікамі дэлегацый Расіі і шэрага іншых дзяржаў-членаў, была абмеркавана праблематыка выканання ДАН і двухбаковага ўзаемадзеяння.
Трэцяя канферэнцыя дзяржаў-удзельніц па разглядзе выканання Дагавора па адкрытым небе прайшла 8-10 чэрвеня. ДАН быў падпісаны 24 сакавіка 1992 года ў Хельсінкі (Фінляндыя) 27 дзяржавамі, у тым ліку Беларуссю. Да афіцыйнага ўступлення ў сілу 1 студзеня 2002 года прымяняўся ў часовым рэжыме. Цяпер у ДАН удзельнічаюць 34 дзяржавы. Дагавор прадугледжвае магчымасць і рэгламентуе працэдуры выканання назіральных палётаў над тэрыторыямі дзяржаў-удзельніц у мэтах павышэння адкрытасці і транспарэнтнасці ў іх ваеннай дзейнасці, нагляду за выкананнем дзеючых і будучых дагавораў і пагадненняў у галіне кантролю над узбраеннямі, а таксама прадухілення і ўрэгулявання крызісаў. ДАН уваходзіць у лік асноўных шматбаковых дагавораў і пагадненняў у галіне міжнароднай бяспекі і кантролю над узбраеннямі ў рэгіёне АБСЕ. Беларусь удзельнічае ў ДАН у складзе групы дзяржаў - удзельніц Беларусь/Расія.
11 чэрвеня 2015, Мінск
БЕЛТА
11 чэрвеня 2015, Мінск
БЕЛТА
Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/8-1/34/31483
Текущая дата: 17.11.2024